Беларусь і Інданезія актывізуюць узаемадзеянне па ўсіх кірунках

25 мая 2015

Такая дамоўленасць дасягнутая сёння на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і спікера верхняй палаты парламента Інданезіі Ірмана Гусмана. Гісторыі адносін дзвюх краін больш за дваццаць гадоў. У апошні час дынаміка росту тавараабароту дадатная. За мінулы год ён склаў каля двухсот пятнаццаці мільёнаў долараў. Аднак, улічваючы ўвесь патэнцыял дзвюх краін, гэты паказчык неабходна актыўна нарошчваць і да юбілею дыпадносін давесці да рэкорднай лічбы мільярд долараў, адзначылі абодва бакі. А для гэтага комплексна працаваць павінны ўсе ўзроўні: дыпламатыя, парламенты і бізнес. Акцэнт на вытворчую кааперацыю і ўмацаванне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Перспектыўнае партнёрства Беларусі і Інданезіі і ў кантэксце інтэграцый - Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі і Еўразійскага эканамічнага саюза.

Усе падрабязнасці ў рэпартажы Ілоны Красуцкай.

Сакавік 2013. За 20-гадовую гісторыю дыпламатычных адносін Аляксандр Лукашэнка ўпершыню ў Інданезіі. Гэты трохдзённы візіт СМІ пасля назавуць прарыўным. Гучныя загалоўкі таблоідаў зусім не даніна палітычнаму піяру. Пасля перамоў на вышэйшым узроўні тавараабарот узляцеў амаль на 70%.

Гэтую планку трымаюць і праз два гады. Манетызацыя супрацоўніцтва сёння дзвесце пятнаццаць мільёнаў долараў. Дынаміка відавочная, але, калі ўлічыць эканамічны патэнцыял чацвёртай па насельніцтве краіны свету, лічбы не так ужо і вялікія.

І вось менавіта пра эканоміку гаварыў сёння ў Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка са спікерам інданезійскага парламента. Законатворчая пасада госця зусім не перашкода поўнафарматнаму дыялогу. За Ірманам Гусманам замацавалася слава паспяховага бізнесмена. У палітыцы з 1999 года. На сустрэчы абмеркавалі вытворчую кааперацыю і пашырэнне міжрэгіянальных сувязяў. Бакі сышліся на думцы, што да 25-годдзя дыпадносін у 2018 годзе лічба ўзаемнага тавараабароту можа дасягнуць рэкорднай адзнакі - мільярд долараў.

Паводле слоў Кіраўніка беларускай дзяржавы, гэты вынік магчымы за кошт узмацнення не толькі эканамічнага, але і інавацыйнага ўзаемадзеяння. Зрэшты, Беларусь разгледзіць любыя ініцыятывы. Закрытых тэм няма, падкрэслівае Прэзідэнт.

Ірман Гусман, спікер Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Інданезіі: "Шчыры дзякуй, спадар прэзідэнт. Хачу ў першую чаргу перадаць цёплае прывітанне ад вашага інданезійскага калегі - прэзідэнта Джока Відода. Я лічу, што ў нас вялізны патэнцыял для ўзаемадзеяння. Вы згадалі аб узроўні двухбаковага гандлю, але гэтая лічба не адлюстроўвае патэнцыялы абедзвюх краін. І я спадзяюся, што да 2018 года мы зможам дасягнуць мільярда долараў. Улічваючы нашы ўзаемныя інтарэсы і патрэбнасці, у працу неабходна ўключыцца ўсім: дыпламатам, дэпутатам і бізнесу".

Пасля грунтоўнай гутаркі ў Прэзідэнта Ірман Гусман разам са сваім калегам Міхаілам Мясніковічам выйшаў да прэсы. Лідары парламентаў падрабязна распавялі, як будуць прасоўваць інтарэсы дзяржаў. Вызначылі пяць пастулатаў. Гутарка пра геапалітыку выйшла далёка за рамкі выгаднай лакацыі абедзвюх краін.

Ірман Гусман, спікер Савета рэгіянальных прадстаўнікоў Народнай кансультатыўнай асамблеі Інданезіі: "Узаемадзеянне неабходна ўмацоўваць адразу ва ўсіх кірунках. Не варта абмяжоўвацца гандлем, эканомікай і інвестыцыямі. Трэба надаць вялікую ўвагу навуцы, тэхналогіям, культуры і спорту. Гэтыя кірункі фарміруюць нашу агульную будучыню. І дазвольце мне выказаць шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту Беларусі за яго неацэннае ўкладанне ў стабілізацыю вельмі няпростай сітуацыі, якая склалася ў гэты момант у Еўропе. Як мы ведаем, менавіта тут былі дасягнутыя знакамітыя мінскія дамоўленасці, да якіх была прыцягнутая ўвага ўсяго свету. Я спадзяюся, гэтыя дамоўленасці будуць рэалізоўвацца, і ў рэгіёне наступіць мір".

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мне вельмі падабаецца, што спадар старшыня вельмі крэатыўны і прапаноўвае вельмі магутныя ініцыятывы. Мы дамовіліся сур'ёзна пашырыць дагаворна-прававую базу - тое, што з'яўляецца шкілетам супрацоўніцтва. І тут парламентам трэба вельмі моцна папрацаваць".

Для Інданезіі Беларусь партнёр значны, і гэта ўзаемна. Пасля стварэння гандлёвага саюза - Асацыяцыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі, - які павінен пачаць працу ў канцы гэтага года, для Беларусі стане даступны рынак дзесяці краін з насельніцтвам больш за паўмільярда чалавек. У сваю чаргу наша краіна адкрывае для Інданезіі дзверы Еўразійскага эканамічнага саюза.

З Ірманам Гусманам Міхаіл Мясніковіч сустрэўся за дзень двойчы. Тэт-а-тэт перамовы прайшлі ў Савеце Рэспублікі. Літаральна праз месяц беларуская сталіца прыме пасяджэнне міжурадавай камісіі. Дэталі падрыхтоўкі гэтай сустрэчы сёння абмеркавалі ў беларускім урадзе.

На сусветным рынку Беларусь сур'ёзны гулец у галіне сельскай гаспадаркі. Таму нядзіўна, што менавіта наша краіна дапаможа ў мадэрнізацыі галіны і рашэнні пытання харчовай бяспекі 250-мільённай Інданезіі.

Сёння дамовіліся: увосень Беларусь паставіць у Інданезію 300 самазвалаў МАЗ. Прычым, улічваючы левабаковы рух у гэтай краіне, мадэлі будуць адпаведныя.

Аднак эканамічнае будаўніцтва немагчыма без падзякі за мірную гісторыю. Да манумента Перамогі ад інданезійскай дэлегацыі кладзецца вянок у памяць пра кожнага трэцяга загінуўшага беларуса. Інданезія ведае сапраўдную цану волі. За незалежнасць ад Нідэрландаў падчас вызваленчай вайны адразу пасля заканчэння Другой сусветнай краіна заплаціла высокую цану.

Сёння прагучала важная заява. Хутка запланавана адкрыццё пасольства Інданезіі ў Мінску. Гэта яшчэ адзін крок насустрач. Месяц таму Інданезія спрасціла візавы рэжым для беларусаў. Зараз запаветную адзнаку ў пашпарце можна атрымаць адразу пасля прыбыцця ў аэрапорт.