Банк развіцця Рэспублікі Беларусь пракрэдытуе рэканструкцыю трасы М6

2 мая 2013

Банк развіцця Рэспублікі Беларусь пракрэдытуе рэканструкцыю трасы М6,  якая звязвае  Гродна і Мінск. Будаўнічыя работы на ўсёй яе працягласці, па словах старшыні праўлення банка, могуць пачацца ўжо сёлета. Пра гэта Сяргей Румас заявіў сёння ў Гродне на адкрыцці першага ў краіне рэгіянальнага філіяла Банка развіцця. Траса М6 зараз адчувае асабліва моцную нагрузку - менавіта яе выбірае большасць замежных перавозчыкаў на шляху з Еўрасаюза ў Беларусь або далей у Расію і Казахстан.


Банк развіцця, заснаваны ў 2011 годзе, выконвае выключную функцыю ў фінансавай сферы краіны, крэдытуючы і ўкладваючы сродкі менавіта ў выкананне дзяржпраграм. Сёння банк ужо суправаджае фінансаванне каля 15-ці дзяржаўных праграм у Гродзенскай вобласці. Агульная сума сродкаў - каля 3 трыльёнаў рублёў.