Аграрыі ўсёй краіны актыўна ўключыліся ў вясенне-палявую кампанію

3 апреля 2019
Аснова будучага ўраджаю і харчовай бяспекі Беларусі  закладваецца ўжо сёння. Гэтымі днямі аграрыі ўсёй краіны актыўна ўключыліся ў вясенне-палявую кампанію.  Пасля зімы на сельгасугоддзі выйшлі ўжо і ў паўночных шыротах. Сеюць у Докшыцкім, Лепельскім, Пастаўскім, Глубоцкім, Чашніцкім раёнах, тады як летась  надвор'е дазволіла выйсці ў поле  толькі ў другой дэкадзе красавіка. Тым часам на поўдні Беларусі ўжо завяршаюць сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых культур. На чарзе  лён і буракі. Аднак  у аснове атрымання якаснага ўраджаю захаванне ўсіх тэхналагічных працэсаў і вытворчай дысцыпліны. Пра гэта напярэдадні гаварыў і Прэзідэнт. Ход работ  на кантролі розных ведамстваў, у тым ліку і прафсаюзаў. Іх тэма -  бяспека працы. Нараканні ёсць. Аб усім па парадку распавядзе Вольга Маслоўская.

Ветэран сельскай гаспадаркі з паўвекавым стажам. Для Рыгора Шпакава гэта 50-я пасяўная. Узначальваць СВК на дзявятым дзясятку - прыклад унікальны, напэўна, не толькі для Гомельскай вобласці, а для ўсёй краіны. Чуткае стаўленне да зямлі і вялізны вопыт даюць вынікі: сельгаспрадпрыемства "50 гадоў Кастрычніка"  сярод лідараў. Нават пры ўсіх перыпетыях надвор'я.

Спецыялізацыя СВК - мяса і малако. Рыгор Шпакаў памятае статыстыку паўвекавой даўнасці. З тых часоў надоі і ўраджайнасць выраслі ў дзясяткі разоў. Працуюць у СВК 250 чалавек. Ужо ў 8 раніцы ўсе занятыя справай. Гэтымі днямі гаспадарка завяршае сяўбу ранняй ярыны. Агрэгаты фінішуюць літаральна заўтра. І ўжо зараз рыхтуюцца да сяўбы кукурузы.  

Аграрыі Віцебскай вобласці толькі-толькі выйшлі на  ўгоддзі. Раёны карэктуюць структуру раллі з прыцэлам атрымаць дастатковую колькасць кармоў. У гаспадарцы "Красналуцкае"  Чашніцкага раёна, напрыклад, адмовіліся ад зімовага рапсу на карысць свірэпіцы. На тутэйшых пясчаных глебах культура паказвае куды лепшую ўсходжасць. А ў самай буйной гаспадарцы Чашніцкага раёна - "Праземле-Агра" -  акцэнт робяць на бабовыя.

Гэтай вясной тэхніка ў поле выйшла на два тыдні раней, чым летась. Ужо 28 сакавіка сеялі ўсе гаспадаркі Чашніцкага раёна. Паралельна з сяўбой ідзе ўзворванне зямель. З 45 энерганасычаных трактароў вясенне-палявую кампанію з-за паломак прапускаюць 3. 

Спраўнасць тэхнікі, наяўнасць аўтамабільнай аптэчкі, вогнетушыцеля - дробязяў у справе арганізацыі бяспечнай працы не бывае,  упэўнены тэхнічныя інспектары ад прафсаюзаў. Гэтымі днямі рэйдавыя групы манітораць выкананне тэхнікі бяспекі і ў майстэрнях, і ў полі. 

Заўтра ў гаспадарцы "Лаўжанскае" першы дзень сяўбы. Пакуль рыхтуюць глебу пад насенне. Гарачы абед для механізатараў дастаўляюць прама ў поле. На час пасяўной арганізавана двухразовае харчаванне. Паслугамі гаспадарскага грамадскага харчавання карыстаюцца яшчэ тры гаспадаркі. Кухары пераконваюць, што накормяць усіх. А вось апрануць да пасяўной у спецадзенне  100 працэнтаў механізатараў у кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства не атрымалася. 

На выпраўленне памылак часу не засталося - веснавая сяўба ў разгары. Але на поўначы краіны дагэтуль не вырашана пытанне з угнаеннямі.

Аграрыі ведаюць: вынік будзе толькі  пры дакладным выкананні ўсіх тэхналагічных працэсаў. Таму пачынаюць рыхтавацца да веснавой кампаніі  зімой. 

Не першы год на правільным - гаспадарскім - падыходзе да зямлі і культур зарабляюць у гаспадарцы "Аграсад "Світанне". Традыцыйна вырошчваюць буракі. Палі пад караняплоды падрыхтавалі яшчэ з восені. Зараз адначасова раўнуюць глебу і сеюць, паверхня для забараноўвання буракоў павінна быць ідэальна роўнай. 

Усяго пад цукровы бурак у Брэсцкай вобласці аддадуць 20 тысяч гектараў. Паралельна ў рэгіёне сеюць лён. Праз два тыдні наступіць чарга кукурузы.