Аграрыі цэнтральнага рэгіёна плануюць завяршыць першы ўкос траў да 10 чэрвеня

2 июня 2016

Надвор'е спрыяе нарыхтоўцы добрага ўраджаю кармоў - травы хутка набіраюць зялёную масу. Паўднёвыя раёны вобласці: Нясвіжскі, Любанскі, Салігорскі, Слуцкі - фактычна завяршаюць уборку першых траў. Да іх падцягваюцца і паўночныя. Надзея Сербіненка даведалася, як ідзе першая касавіца ў Маладзечанскім раёне.

Механізатар гаспадаркі "Лебедзева" Аляксандр Брылеўскі ведае: ад якасці і колькасці нарыхтаваных кармоў залежыць многае. Таму адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Перыяд першага ўкосу траў для аграрыяў не менш напружаны, чым жнівеньская ўборачная.

Зараз актыўна ўбіраюць зернебабовыя і аднагадовыя травы: люцэрну, канюшыну, цімафееўку. У кожнай гаспадарцы вобласці імкнуцца правесці першы ўкос у тэрмін - да 10 чэрвеня.

Кругласутачнае трамбаванне - абавязковая ўмова нарыхтоўкі кармоў. Пры гэтым трэба стала кантраляваць якасць сенажу. Тэмпература травяной масы не павінна перавышаць трыццаці пяці градусаў, а вільготнасць - шасцідзесяці працэнтаў.

Гэтую сянажную траншэю запоўнілі ўсяго за 5 гадзін працы. Зараз траву трамбуюць, і гэты працэс безупынны. Усяго да канца дня тут будзе восемсот тон свежай сянажнай масы.

У аграфірме - пяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. Павялічыць надоі малака ў параўнанні з мінулым годам тут плануюць за кошт паляпшэння якасці кармоў. Збалансаваны, толькі вышэйшага або першага класа корм павышае якасць малака і мяса. Зараз у рацыён кароў дадалі люцэрну.

Перад аграрыямі Мінскай вобласці стаіць задача нарыхтаваць амаль cем мільёнаў тон кармоў за тры-чатыры ўкосы траў. Найперш назапасяць багатыя бялком бабова-злакавыя сумесі.