Аграрыі Мінскай вобласці завяршаюць сяўбу ранніх збожжавых і зернебабовых культур

24 апреля 2015

Зараз сельскагаспадарчыя прадпрыемствы занятыя пасадкай бульбы і кукурузы. Свае карэктывы ў планы аграрыяў унесла надвор’е. Работы пачаліся пазней, чым летась. З улікам новых умоў змянілася і тэхналогія пасадкі. 

Больш падрабязна Наталля Кузьміцкая.

Механізатар Алег Федаровіч з раніцы на полі. Сёлета пасадка бульбы з-за пераменлівага надвор'я пачалася пазней, чым летась. Да тэмпературы, неабходнай для росту бульбы, глеба прагрэлася толькі ў сярэдзіне красавіка.

Пад бульбу ў гаспадарцы "Усход" адведзена каля 400 гектараў, сёння засаджана чвэрць. Работа ідзе хутка. Паралельна пасадцы ў зямлю ўносяць угнаенні. Новая тэхналогія, спадзяюцца, павялічыць ураджайнасць і захавае клубні ад хвароб.

Завяршыць пасадку “другога хлеба” ў гаспадарцы плануюць праз два тыдні. А ўжо ў ліпені ўраджай гэтага года з'явіцца на прылаўках рынкаў і магазінаў. За сезон вырошчваюць не адну партыю ўраджаю – спачатку раннія, затым познія сарты. Дарэчы, рэшткі леташняй бульбы яшчэ прадаюць.

Пасадачны матэрыял тут захоўваецца з лета. Перад пачаткам агратэхнічных работ насенная бульба праходзіць каліброўку, яе сарціруюць згодна з памерам і выглядам. Прарослыя і вялікія клубні на пасадку не падыходзяць.

У маі завершыцца будаўніцтва новага бульбасховішча. Клубні тут будуць закладваць у спецыяльныя кантэйнеры, што дазволіць яшчэ лепш захоўваць пасадачны матэрыял, вядома, што ад яго якасці залежыць будучы ўраджай.