А. Лукашэнка наведаў прадпрыемства "Граніт" у Мікашэвічах

4 июня 2021

Актывізаваць працу на знешніх рынках і прыбраць бар'еры на ўнутраным. Такія даручэнні сёння даў Прэзідэнт, наведваючы прадпрыемства "Граніт" у Мікашэвічах.

Гэта найбуйнейшы вытворца шчэбню не толькі ў нашай краіне, але і ў Еўропе. Ужо больш як 40 гадоў горную пароду здабываюць у прамысловым кар'еры "Мікашэвічы". У той жа час завод рэалізуе інвестпраект па будаўніцтве новага горнага камбіната на базе радовішча па суседстве. Яно забяспечыць прадпрыемства сыравінай амаль на 60 гадоў наперад. Сёння "Граніт" спрабуе вырашыць складанасці збыту сваёй прадукцыі. На працы завода адбілася пандэмія: закрытыя межы гукнуліся падзеннем экспарту. Праблем дадае ўвядзенне Расіяй квот на пастаўкі беларускай прадукцыі. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узяць сітуацыю на кантроль, нарасціўшы адгрузкі за мяжу.

Новыя тэхналогіі здабычы шчэбню

Прэзідэнту таксама паказалі новыя тэхналогіі здабычы гранітнага шчэбню. У працы айчынная тэхніка! Сувязь 5G забяспечвае бесперабойную перадачу звестак і не патрабуе прысутнасці вадзіцеля ў кабіне БелАЗаў. Кіраўнік дзяржавы ацаніў перадавыя тэхналогіі на назіральнай пляцоўцы. Сёння яны таксама становяцца аб'ектам цікавасці з боку замежных вытворцаў.

Прэзідэнт адказаў на пытанні калектыву прадпрыемства "Граніт"

Пасля Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працаўнікамі прадпрыемства "Граніт". Калектыў завода вялікі - звыш 2 тысяч чалавек. Прэзідэнт запэўніў: у найбліжэйшы час будуць прынятыя ўсе неабходныя меры, каб прадпрыемства не адчувала цяжкасцяў на ўнутраным рынку. У пытанні адкрыцця знешніх садзейнічанне акажа ўрад. У тым ліку па здыманні бар'ераў у кірунку Расіі. "Свой рынак трэба абараняць больш актыўна", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. На ім свабодна прысутнічае і ўкраінскі шчэбень. У той час як паўднёвая суседка ўчыняе перашкоды для нашай прадукцыі.

Працаўнікоў прадпрыемства таксама цікавіла рэканструкцыя дарогі, якая злучае Кобрын з Гомелем. Гэты ўчастак трасы вымушае жадаць лепшага. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што праблема будзе вырашаная. Мадэрнізацыю паскораць. Яшчэ адно даручэнне Прэзідэнта ў адказ на просьбы працаўнікоў разабрацца з праблемамі ліцэнзавання на шэраг медпаслуг у санаторыі "Світанак" каля Мікашэвіч. "На ўсё пра ўсё - тыдзень!", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.