А.Кабякоў: Лічбавы свет стане часткай любой эканамічнай дзейнасці ў краіне

29 июня 2018

Новы дэкрэт аб развіцці лічбавай эканомікі дазволіць перанесці паспяховы досвед IT-сферы на іншыя галіны. Лічбавы свет стане часткай любой эканамічнай дзейнасці ў краіне. Аб гэтым сёння заявіў прэм'ер-міністр Беларусі на форуме, прысвечаным укараненню лічбавых тэхналогій. У найбліжэйшую пяцігодку трэба будзе вырашыць некалькі ключавых задач: стварыць паўнавартасны электронны ўрад, укараніць сістэму "разумны дом", запусціць электронны гандаль, інтэлектуальнае рэгуляванне дарожнага руху. Гэта значыць - стварыць адну з самых сучасных інфраструктур тэлекамунікацый ва Усходняй Еўропе.

Дзмітрый Шадко, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі:

"Тое, што ў нас будзе шмат змяненняў, звязаных з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, гэта безумоўна. Чаго варта адна толькі тэма смарт-кантракта. Яна хутка стане нормай узаемадзеяння паміж прадпрыемствамі. Што такое лічбавы транспартны калідор? Гэта сістэма электронных суправаджальных дакументаў, гэта абавязковасць адмовы ад любога папяровага суправаджэння. Г. з. не павінна быць так, што мы дубліруем інфармацыю і ў лічбавым выглядзе, і ў папяровым. Таму што гэта запавольвае працэсы. Безумоўна, усе гэтыя рэчы будуць знаходзіць адлюстраванне ў самых розных сферах заканадаўства".

Каб забяспечыць хуткае ўкараненне інавацый, у краіне будзе арганізаваны бесперапынны працэс павышэння кампетэнцый у IT-сферы. Яго прапануюць кіраўнікам усіх узроўняў дзяржкіравання.