28 тысяч тон ільнотрасты плануюць атрымаць аграрыі Мінскай вобласці

4 мая 2022

У Мінскай вобласці працягваюцца вясенне-палявыя работы: ужо засеяна больш чым палова ўсіх яравых культур. Акрамя традыцыйных збожжавых і кукурузы, ёсць асаблівыя палі, дзе пасеялі лён.

У планах на гэты сезон атрымаць 28 тысяч тон ільнотрасты. Яе перапрацоўкай у валакно займаюцца чатыры заводы цэнтральнага рэгіёна. Вырабляюць таксама і льняны алей - харчовы і тэхнічны. Пра ролю і карысць паўночнага "шоўку" для АПК краіны - Аляксей Кандраценка.

Льняныя перспектывы: пасяўныя плошчы пад алейную культуру павялічваюць

Насенне лёну-даўгунцу засыпаюць у бункер і чарада тэхнікі гатова да сяўбы! Услед за трактарам з культыватарам ідзе яшчэ адзін "Беларус" з пасяўным агрэгатам. Работы шмат - плошча льнянога поля - 340 гектараў! Да таго ж і сама культура патрабавальная.

У Слуцкага льнозавода ёсць арэндныя землі ў Салігорскім і Капыльскім раёнах. Прадпрыемства забяспечвае сябе насеннем. У выніку ўся сыравінная зона дазваляе атрымліваць запас льнотрасты для перапрацоўкі на працягу года.

Лінія за суткі прапускае да 25 тон трасты. На выхадзе - доўгае і кароткае валакно, якое сартуюць па нумарах. Падыход да вытворчасці рацыянальны: з адходаў робяць кастрабрыкеты - каштоўнае біяпаліва.

Якаснае льновалакно запатрабавана ў нашай краіне, растуць і экспартныя пастаўкі ў Расію і Кітай. Адзенне, ручнікі і пледы з беларускага лёну папулярныя ў прыхільнікаў усяго натуральнага. У Мінскай вобласці чатыры льнозаводы, дзе акрамя валакна таксама вырабляюць і льняны алей - выгадны і запатрабаваны прадукт.

Час уборкі льнянога ўраджаю - верасень. У планах аграрыяў Мінскай вобласці сёлета атрымаць 28 тысяч тон ільнотрасты. Традыцыйную культуру і гісторыю этапаў яе перапрацоўкі ўвасобяць у тэматычнай экспазіцыі. Для гэтага на Слуцкім заводзе створаць музей лёну.