Ва Уздзенскім раёне збілі чалавека на пешаходным пераходзе

21 ноября 2016

Напярэдадні ўвечары вадзіцель аўто рухаўся па трасе Мінск - Мікашэвічы і не заўважыў мужчыну, які пераходзіў дарогу. Ад сур'ёзных траўм 52-гадовы пешаход загінуў на месцы. У адносінах да вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа.

А ў Мінску п'яны вадзіцель пашкодзіў адразу 8 аўтамабіляў. Паводле слоў відавочцаў, малады чалавек ехаў зігзагамі і чапляў прыпаркаваныя па вуліцы Мазурава машыны. Спыніўся ён толькі пасля сутыкнення з мікрааўтобусам. Пасля 30-гадовы вадзіцель вырашыў пайсці дадому пешшу. З сабой узяў толькі недапітую бутэльку алкаголю. У машыне пры гэтым застаўся пасажыр з сур'ёзнай траўмай - закрытым пераломам бядра. Затрымалі вадзіцеля відавочцы здарэння. Медыцынскія тэсты выявілі ў яго крыві 3 праміле алкаголю. Як высветлілася, ён не ўпершыню садзіўся за руль у стане алкагольнага ап'янення. За аналагічнае парушэнне ў пачатку года яго пазбавілі вадзіцельскага пасведчання.