У Камянецкім раёне працягваецца ліквідацыя аварыі на Прыбугскім падземным сховішчы газу

28 ноября 2016

Учора ўвечар адна са свідравін, што былі на рамонце, апынулася пашкоджанай. З запорнай арматуры біла фантанам газа-вадзяная сумесь. На месцы здарэння працуюць ратавальнікі, спецыялісты газавай службы. Для рамонту запорнай арматуры з Рэчыцы прыбыў спецыяльны атрад Беларуснафты. Пацярпелых няма. Прычына надзвычайнага здарэння высвятляецца.

Сяргей Машноў, прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Беларусі:

"Для ліквідацыі інцыдэнту задзейнічаныя аварыйныя брыгады прадпрыемства, былі прыцягнутыя таксама падраздзяленні МНС, якія ўсталявалі лафетныя ствалы для падачы вады з мэтай астуджэння запорнай арматуры і недапушчэння ўзгарання газу. У выніку замераў вызначана, што перавышэння ўтрымання ў паветры газу няма".

Прыбугскае падземнае сховішча газу з'яўляецца другім па велічыні ў Беларусі. Газ тут захоўваецца на значных глыбінях - да 1500 метраў - у бескіслародным асяроддзі.