Сур'ёзнае ДТЗ адбылося ў сталіцы

16 февраля 2016

Чатыры аўтамабілі пашкоджаны, адзін чалавек шпіталізаваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Такі вынік дарожна-транспартнага здарэння ў сталіцы. Дваццаціаднагадовы вадзіцель на БМВ рухаўся ў трэцяй паласе ў бок вуліцы Прытыцкага. Пасля рэзкага манеўру машыну занесла, і яна зачапіла "Сітраен", які рухаўся ў тым жа напрамку. Пасля ўдару аўтамабіль БМВ адляцеў у бок, пашкодзіў прыпаркаваныя на абочыне дзве машыны і ўрэзаўся ў слуп. У выніку ДТЗ пацярпела пасажырка, якая ехала з віноўнікам аварыі. З пераломам і чэрапна-мазгавой траўмай дзяўчына дастаўлена ў бальніцу. У крыві вадзіцеля БМВ выяўлена крыху больш за адну праміле алкаголю.

Яшчэ адна аварыя здарылася ў Дзяржынскім раёне. Вадзіцель аўтамабіля "Фальксваген" не зладзіўся з кіраваннем. У выніку выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з "Аўдзі". У ДТЗ пацярпеў толькі вадзіцель "Фальксвагена". Зараз 48-гадовы мужчына шпіталізаваны з траўмамі рознай ступені цяжкасці. Падрабязнасці дарожна-транспартнага здарэння высвятляюцца.