Міжнародную групу па перапраўцы нелегалаў у Еўропу затрымалі беларускія пагранічнікі

15 мая 2017

Чарговы канал спынілі ў Шчучынскім раёне. Напярэдадні ўначы аўтамабіль Peugeot быў затрыманы недалёка ад мяжы. У салоне знаходзіліся куратары канала - выхадцы Чачні, Дагестана і грамадзянін Арменіі, а таксама чацвёра в'етнамцаў. Як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, трафік нелегалаў ішоў з Масквы ў Літву, наша краіна ў гэтым выпадку была толькі транзітнай зонай.

Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі: "Былі ўстаноўлены і ўзяты ў распрацоўку магчымыя ўдзельнікі гэтай групы. Устаноўлена схема іх супрацьпраўнай дзейнасці, пачынаючы ад падбору патэнцыяльных кліентаў, маршрутаў руху і заканчваючы спробамі перапраўкі праз мяжу. Зараз падчас правядзення аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў выяўляюцца магчымыя памочнікі дадзенай групы з ліку беларускіх грамадзян, а таксама ўстанаўліваецца дачыненне беларускіх асоб да аналагічных злачынстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

У дачыненні грамадзян Расіі і Арменіі ўзбуджана крымінальная справа, санкцыя артыкула “За арганізацыю пазапраўнай міграцыі” прадугледжвае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі. Нелегалаў пасля разгляду дэпартуюць з Беларусі туды, адкуль яны прыбылі.