Канфіскавалі больш за тону самогону

17 марта 2015

Больш за тону самогону канфіскавалі аператыўнікі Мінскай вобласці ў Валожынскім раёне. Штурмавалі вытворцаў сурагату сталічныя міліцыянеры і байцы АМАПа на лодцы. Рака Іслач – самы кароткі шлях да міні-заводу. Мяркуючы па маштабах, выраб спіртнога саматужным спосабам быў пастаўлены на паток ўжо даўно. Сярод затрыманых – дырэктар прыватнай фірмы. Як прызнаўся сам мужчына, гоніць брагу мясцовы жыхар усё сваё жыццё. Уладзімір Каралёў працягне тэму.

Да гэтага міні-завода па вытворчасці самагонкі можна дабрацца толькі па рацэ. У глухое месца Налібоцкай пушчы не ходзяць нават мясцовыя паляўнічыя і рыбакі. Менавіта тут, у такой глушы, міліцыянеры Мінскай вобласці і байцы АМАПа выявілі бутлегераў.

Сам самагонны апарат знаходзіўся за 50 метраў ад ракі Іслач на мяжы Мінскай і Гродзенскай абласцей. Размешчаны быў у такім месцы невыпадкова – рэдка хто з міліцыі наведаецца ў Налібоцкую пушчу. Але нават калі і так, то відавочна па дарозе, а не на лодцы. На машыне сюды не дабрацца.

У сямі бочках тут знаходзіцца амаль тона брагі. І мяркуючы па ўсім, гэта толькі праца мінулых дзён. На думку аператыўнікаў, прадпрыемства тут працавала не адзін месяц. З ракі бралі ваду, сюды ж вылівалі адходы пасля перагонкі. Арганізатарам бізнесу выступіў дырэктар прыватнай фірмы.

За кіламетр адсюль у найбліжэйшай вёсцы бутлегеры арандавалі хлеў, які выкарыстоўвалі як склад. Тут аператыўнікі выявілі 80 літраў гатовага самагону.


Андрэй Амбражэй, начальнік аддзялення ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС Мінаблвыканкама: "Выраб спіртнога ў лесе звязаны з такімі парушэннямі - гэта незаконная парубка, зліў адпрацаванай прадукцыі і банальнае вытопліванне падглебавага пласта. Усё гэта вядзе да адказнасці па шэрагу правапарушэнняў. Для таго каб вывесці і знішчыць гэты апарат, спатрэбіўся цэлы дзень. Учора цэлы дзень праводзіліся мерапрыемствы па дэмантажы апарата".

Зараз міліцыянеры ўстанаўліваюць саўдзельнікаў самагонаварэння. У найбліжэйшы час у дачыненні да затрыманых будзе вызначаны штраф за незаконны абарот алкаголю і забруджванне навакольнага асяроддзя.