Надзвычайнае здарэнне на вытворчасці ў Віцебску

25 марта 2016

Падчас працы за дрэваапрацоўчым станком жанчына пазбавілася кісці левай рукі. Зараз пацярпелая знаходзіцца ў бальніцы. Тым часам на прыватным прадпрыемстве ўжо пачалася праверка. Спецыялісты высвятляюць, па чыей віне адбылося здарэнне. У сітуацыі разбіралася і наш карэспандэнт Марына Раманоўская.

Гартаючы копію працоўнага дагавора, Вольга Таўпянец са слязамі ўспамінае аб здарэнні. Пару месяцаў таму жанчына ўладкавалася на прыватнае дрэваапрацоўчае прадпрыемства. Першапачаткова, распавядае Вольга, ёй прапанавалі пасаду вучня сартавальшчыка. А ўжо на наступны дзень паставілі за спецыяльны станок. Апошняя працоўная змена скончылася траўмай. Дзяўчына пазбавілася кісці левай рукі.

Міхаіл Камека, урач-траўматолаг траўматалагічнага аддзялення Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі: "Кісць практычна была не дзеяздольная. На жаль, мы нічога не змаглі зрабіць. Жанчына да нас паступіла не ў стане алкагольнага ап'янення. Кроў на алкаголь пры такіх выпадках заўсёды бярэцца".

Вопыту працы нават на падобных станках, гаворыць Вольга, раней не было. Новую прафесію асвойвала прама на працоўным месцы. За сваю бяспеку хваляваліся. Сцвярджае: незадоўга да здарэння з машыны па зрошчванні драўніны знялі спецабарону. Паводле слоў жанчыны, гэты факт зараз кіраўніцтва прадпрыемства адмаўляе.

Анатоль Сцяпанаў, галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў: "Не маючы прафесійных навыкаў, ніхто не мае права працаваць. Спецыяльная павінна быць стажыроўка, праверка ведаў, інструктаж. Будуць улічаныя, вывучаныя ўсе матэрыялы".

Надзвычайнае здарэнне адбылося ў гэтым цэху. Станок, за якім працавала Вольга, у апошні час не ўключаюць. Зараз на прадпрыемстве праводзіцца праверка. Пракуратура ўжо накіравала дакументы па справе ў Следчы камітэт.

Кіраўнік прадпрыемства, дзе адбылося здарэнне, ад каментарыяў адмаўляецца. Зараз спецыялісты аднаўляюць поўную карціну таго, што адбылося, Вольга знаходзіцца на лячэнні. І пакуль не можа змірыцца ні з фізічнай, ні з душэўнай траўмай.

Летась толькі ў Віцебскай вобласці было зарэгістравана больш як 70 выпадкаў вытворчых траўм з цяжкім канцом. Шматлікія былі атрыманыя падчас падзення з вышыні і ў ДТЗ. Паводле аператыўных звестак, з пачатку гэтага года ў рэгіёне ўжо зарэгістравана 15 цяжкіх траўм.