Заўтра ў беларускай сталіцы запланаваны перамовы ў нармандскім фармаце

10 февраля 2015

Заўтра ў беларускай сталіцы запланаваны перамовы ў так званым нармандскім фармаце. Чакаецца, што на сустрэчу прыедуць прэзідэнты Расіі, Украіны, Францыі і канцлер Германіі. Тым часам ва Украіне не спыняюцца жорсткія баі. Інфармацыя паступае супярэчлівая. Лідары самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік сцвярджаюць, што сёння ім удалося замкнуць так званы дзябальцаўскі кацёл. Паводле іх слоў, там застаюцца тысячы ўкраінскіх салдат. Апалчэнцы сцвярджаюць, што занялі населены пункт Логвінава. Менавіта праз яго праходзіць дарога з Дзябальцава ў Арцёмаўск, па якой украінская армія атрымлівала падмацаванне. У той жа час у Савеце нацбяспекі і абароны Украіны гэту інфармацыю абвяргаюць і паведамляюць аб паспяховым наступленні батальёна "Азоў" у бок Новаазоўска. Сілавікі, паводле звестак украінскіх СМІ, ужо ўзялі пад кантроль шэраг населеных пунктаў на подступах да горада, які ўтрымлівае апалчэнне ДНР. Між тым, паводле слоў прадстаўнікоў місій АБСЕ, эвакуацыя мірных жыхароў ускладняецца з-за пастаянных абстрэлаў. Яны патрабуюць аб'явіць перамір'е, каб вывезці мірных жыхароў і даставіць ежу і тавары першай неабходнасці.