Вялікабрытанія рыхтуецца выбраць новы парламент

7 июня 2017

Заўтра ў краіне дзень галасавання. Эксперты называюць кампанію вотумам даверу да дзеючага ўрада і яго кіраўніка Тэрэзы Мэй. Прычым за некалькі тыдняў да выбараў апытанні прадказвалі кансерватарам упэўненую перамогу, зараз жа расклад для "торы" не вельмі добры. Галасаванне пройдзе ва ўмовах павышаных мер бяспекі - пасля серыі тэрактаў у Вялікабрытаніі аб’яўлены крытычны ўзровень пагрозы. А адным з найбольш актуальных пытанняў для выбаршчыкаў становіцца ўжо не Брэксіт, а ўнутраная бяспека.

Больш падрабязна Юрый Казлоў. На пачатку вясны апытанні сведчылі аб сур'ёзнай перавазе кансерватараў над лейбарыстамі. І, прызначаючы датэрміновыя парламенцкія выбары, прэм'ер-міністр Злучанага Каралеўства Тэрэза Мэй была ўпэўненая ў сваёй перамозе. Але чарада ракавых для краіны акалічнасцяў змяніла сітуацыю. Зараз кансерватары па-ранейшаму лічацца фаварытамі гонкі, але разрыў паміж "торы" і лейбарыстамі мінімальны.

Сярод прычын, якія паўплывалі на паніжэнне рэйтынгу Мэй, эксперты называюць серыю тэрактаў (адразу тры гучныя напады ўсяго за два з паловай месяца) і кібератаку на брытанскія шпіталі. Апаненты абвінавачваюць Мэй у скарачэнні фінансавання службаў бяспекі і нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Акрамя таго, сама кампанія кансерватараў была даволі непераканаўчай. Напрыклад, яшчэ ў красавіку прэм'ер-міністр адмовілася ад удзелу ў тэледэбатах.

На гэтым фоне Мэй спрабуе ўмацаваць пазіцыі. Перад галасаваннем прэм'ер заявіла аб намеры зрабіць больш жорсткім заканадаўства для барацьбы з радыкаламі. Размова сярод іншага ідзе аб вялікіх тэрмінах для асуджаных за тэрарызм і спрашчэнні дэпартацыі мігрантаў, якіх падазраюць у экстрэмізме.

Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі, лідар Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі: "Брэксіт важны, таму што гэта аснова для ўсяго. А зараз падумайце, у каго ёсць воля і план, каб выканаць гэтую работу. Не забывайце, што перамовы па Брэксіце пачнуцца праз 11 дзён пасля выбараў, і калі мы страцім хаця б 6 крэслаў, мы страцім большасць. Але ёсць і іншая прычына, па якой ваш выбар важны як ніколі - гэта пагроза экстрэмізму, з якой мы ніколі раней не сутыкаліся".

З аднаго боку, такая рашучасць дазволіла лідару кансерватараў адыграць пару пунктаў. З другога, дала падставу для крытыкі з боку галоўнага саперніка - Джэрэмі Корбіна (ён узначальвае лейбарысцкую партыю). Корбін назваў змену законаў знявагай дэмакратыі і заклікаў дзеючага кіраўніка ўрада пайсці ў адстаўку.

Зрэшты, Корбін таксама не ідэальны кандыдат. У брытанскіх СМІ яго часта называюць "невыбіральным" палітыкам. Ідэі лідара лейбарыстаў вельмі левыя нават для левацэнтрысцкай партыі. Напрыклад, Корбін прапаноўвае вярнуць пад кантроль дзяржавы пошту і чыгункі, а таксама зрабіць бясплатнымі дзіцячыя сады і школьныя сняданкі. Сродкі на сацыялку палітык плануе адшукаць за кошт замарозкі пенсій і павышэння падаткаў для багатых. Акрамя таго, Корбін у адрозненне ад многіх аднапартыйцаў падтрымлівае Брэксіт, але выступае за больш мяккую пазіцыю на перамовах з ЕС. Многія жыхары Альбіёна асцерагаюцца, што гэты чалавек не зможа абараніць інтарэсы каралеўства так, як гэта зробіць рашучая і бескампрамісная Тэрэза Мэй.

Выбарчыя ўчасткі ў Вялікабрытаніі адкрыюцца заўтра а 7-й раніцы па мясцовым часе. Вынікі галасавання стануць вядомыя ў пятніцу каля паўдня.