Ва Украіне завяршылася рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты

4 апреля 2014

У датэрміновых выбарах кіраўніка дзяржавы (яны пройдуць 25 мая) возьмуць удзел 23 чалавекі. Гэта своеасаблівы рэкорд. Сярод кандыдатаў - экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка, бізнесмен Пётр Парошанка, былы кіраўнік Харкаўскай вобласці Міхаіл Добкін. Нацыяналістаў на выбарах прадставяць Алег Цягнібок са Свабоды і кіраўнік Правага сектара Дзмітрый Яраш. А вось адзін з самых эксцэнтрычных кандыдатаў - Дарт Аляксеевіч Вейдэр - застаўся за бортам гонкі. Цёмнаму Лорду сітхаў адмовілі ў рэгістрацыі. Сёння прыхільнікі Уладыкі Вейдэра - імперскія штурмавікі і Пунсовая гвардыя - пікетавалі будынак Цэнтрвыбаркама Украіны. Дарэчы, у інтэрнэт-апытанні наконт маючых адбыцца выбараў герой Зорных войнаў абышоў усіх сваіх апанентаў. Тым часам, Кабінет міністраў Украіны спрабуе не дапусціць дэфолту. Раней Расія адмяніла газавую скідку для Кіева. Зараз тысяча кубаметраў блакітнага паліва будзе каштаваць украінскай казне 485 долараў - гэта на 200 долараў вышэй, чым летась. Паводле звестак Мінэнерга краіны, запасаў газу ў мясцовых падземных сховішчах хопіць толькі на месяц. На фоне паліўнага крызісу з'явілася інфармацыя аб магчымым выкупе газатранспартнай сістэмы Нафтагаза еўрапейскімі кампаніямі. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў расійскай Дзярждуме паведамляе ІТАР-ТАСС. Складаную сітуацыю ў эканоміцы пацвердзіў прэм'ер-міністр краіны Арсеній Яцанюк. Паводле яго слоў, апроч павышэння кошту энергарэсурсаў, Украіна пацерпіць і ад згортвання супрацоўніцтва з Расіяй. Паводле звестак кіраўніка ўрада, сёлета ВУП краіны ўпадзе на 3 працэнты, а інфляцыя будзе вымярацца двухзначнымі лічбамі.