У свеце працягваюць змякчаць каранцінныя абмежавальныя меры

22 мая 2020
Межы для грамадзян ЕС і Шэнгенскай зоны адкрывае сёння Балгарыя. Пры ўмове двухтыднёвага каранціну пасля прыбыцця ў краіну могуць уехаць усе турысты. Калі падарожнік не затрымаецца ў Балгарыі больш  чым сем дзён,  ізаляцыя не спатрэбіцца. Раней еўрапейскія краіны дамовіліся аб аднаўленні турпатокаў унутры  ЕС з 1  чэрвеня. І гэта нягледзячы на амаль 2 мільёны зафіксаваных выпадкаў заражэння ў рэгіёне. У ЗША - краіне-лідары па распаўсюджванні хваробы - таксама аслабляюць абмежаванні. Так, у Нью-Джэрсі запрацавалі трэнажорныя залы. Улады штата дазволілі выйсці на працу малому і сярэдняму бізнесу.

У Эстоніі тым часам адкрыліся школы. Праўда, вучні пакуль сядзяць на ўроках у малых групах. А ў першым ачагу COVID-19 - кітайскім Ухані - за школьныя парты вярнуліся каля 72 тысяч навучэнцаў старэйшых класаў.