У Грузіі практычна завершаны падлік галасоў на прэзідэнцкіх выбарах

28 октября 2013
З вялікім адрывам лідзіруе кандыдат ад кіруючай кааліцыі Грузінская мара Георгій Маргвелашвілі. У яго - 62% галасоў. Галоўны сапернік Маргвелашвілі - кандыдат ад Нацыянальнага руху Давід Бакрадзэ - набраў амаль утрая менш. Інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца 17 лістапада. Аднак галоўная інтрыга захоўваецца, бо пасля гэтага галоўнай палітычнай фігурай у краіне стане прэм'ер-міністр.

На вуліцах Тбілісі ўсю мінулую ноч святкавалі перамогу Георгія Маргвелашвілі на прэзідэнцкіх выбарах. Пра тое, што менавіта ён стане наступным кіраўніком дзяржавы, гаварылі даныя эксіт-полаў. Пазней іх пацвердзілі афіцыйна і ў ЦВК краіны. Плошча перад штабам-кватэрай кааліцыі Грузінская мара, куды прыйшлі тысячы яе прыхільнікаў, патанула ў авацыях.

Другое месца ў Давыда Бакрадзэ, кандыдата ад партыі дзеючага кіраўніка дзяржавы. Ён ужо павіншаваў Маргвелашвілі з перамогай. Трэцяя пазіцыя ў экс-спікера парламента Ніно Бурджанадзэ. Сама кандыдат і яе прыхільнікі заяўляюць, што не вераць вынікам і гавораць аб шматлікіх парушэннях і паралельным падліку галасоў. Бурджанадзэ абражаная сваімі дзесяццю працэнтамі, лічачы, што гэта змова.

Для перамогі ў першым туры кандыдату ў прэзідэнты трэба набраць 50% плюс адзін голас. Без сумненняў: выбары адбыліся і новы кіраўнік грузінскай дзяржавы абраны. Міхаіл Саакашвілі, які сыходзіць з пасады прэзідэнта, заклікаў усіх кандыдатаў паважаць выбар насельніцтва краіны.

Міхаіл Саакашвілі, Прэзідэнт Грузіі: Мы ўсе павінны паважаць меркаванне большасці, таму што большасць прымае рашэнні па такіх пытаннях ва ўмовах дэмакратыі. І гэта не мае значэння, мы згодныя або не згодныя з такім рашэннем, гэта асноўны прынцып дэмакратыі.

Інаўгурацыя новага прэзідэнта Грузіі адбудзецца 17 лістапада. А пасля гэтых выбараў у краіне ўступае ў дзеянне новая рэдакцыя асноўнага закону. Асноўныя паўнамоцтвы пераходзяць да парламента і ўрада.