У Германіі вырашылася галоўная кінаінтрыга

15 февраля 2015

Берлінале назваў імёны ўладальнікаў статуэтак "Сярэбраны мядзведзь" і прэстыжнага "Залатога мядзведзя". Каго не пакінула фартуна, ведае Вадзім Марцішэўскі.

На працягу 10 дзён міжнароднага кінамарафону ў Берліне чырвоную дарожку фестывалю ўпрыгожвала рэкордная колькасць галівудскіх зорак. На час агляду сталіцу Германіі наведалі Наталі Портман, Крысціян Бейл, Ніколь Кідман, Роберт Патынсан, Жюльет Бінош і шэраг іншых знакамітасцяў, якія прапанавалі гледачам, крытыкам і журы свае працы. "Сярэбранага мядзведзя" за лепшую пастаноўку падзялілі паміж сабою адразу два чалавекі: улюбёнка Берлінале польскі рэжысёр Малгажата Шумоўска за раскрыццё сацыяльна актуальнай тэмы ў карціне аб анарэксіі пад назвай "Цела" і Раду Жудэ за чорна-белы гістарычны фільм "Брава!" пра рабства цыган на поўдні Румыніі ў XIX стагоддзі.

Усяго на галоўны трафей - "Залатога мядзведзя" - прэтэндавалі 19 кінастужак, але ўдача усміхнулася карціне "Таксі" іранскага рэжысёра Джафара Панахі, якому першапачаткова і прадказвалі перамогу. У фільме, які складаецца з кароткіх навел, крэмавы салон недарагога аўтамабіля служыць сцэнай для разнастайных сацыяльных дылем, палітычных і філасофскіх пытанняў, пытанняў маралі. Вадзіцель бачыць зусім малую частку жыцця розных людзей, але ўсе гэтыя ўрыўкі ствараюць адзін насычаны калейдаскоп чалавечых перажыванняў. Стужка "Таксі" таксама стала лаўрэатам прыза Фіпрэсі - Міжнароднай асацыяцыі журналістаў.

Другая па значнасці прэмія - Гран-пры - дасталася чылійцу Паблу Лараіну за яго трылер "Клуб".

Пабла Лараін, уладальнік Гран-пры журы 65-га Берлінскага кінафестывалю:

"Калі які-небудзь фільм атрымлівае ўзнагароду - гэта трафей не аднаго чалавека, а цэлай каманды, згуртаванага калектыва, які складаецца з акцёраў, рэжысёра, сцэнарыстаў, аператараў. Мноства людзей зрабілі гэтую карціну магчымай. І я кожнаму за гэта ўдзячны".

Як адзначыў старшыня журы юбілейнага Берлінале, амерыканскі рэжысёр Дарэн Аранофскі, "галоўны вынік для кожнага фільма, прадэманстраванага ў розных праграмах аднаго з найстарэйшых і аўтарытэтных у свеце фестываляў - гэта зусім не перамога і нават не "Залаты мядзведзь", а сам выхад у свет вялікага кіно".