Сітуацыя ў Іраку застаецца напружанай

13 июня 2014

Баевікі радыкальнай арганізацыі Ісламская дзяржава Ірака і Леванта з баямі набліжаюцца да сталіцы краіны - Багдада. У найбліжэйшы час тэрарысты могуць пачаць штурм горада. Паводле звестак ААН, ахвярамі ісламістаў сталі больш за сто чалавек. Многія з іх былі публічна пакараны на плошчах захопленых радыкаламі гарадоў. Таксама паведамляецца, што на поўначы Ірака выкрадзены 16 грамадзян Грузіі. Аб эвакуацыі сваіх грамадзян з неспакойнай краіны аб'явілі ўлады Турцыі. Сёння аб гатоўнасці ўмяшацца ў канфлікт заявіў Вашынгтон. Гаворка ідзе аб авіяўдарах па пазіцыях экстрэмістаў.


Расказвае Юрый Казлоў: Групоўка Ісламскае дзяржавы Ірака і Леванта была заснавана ў 2006 годзе. Яна стваралася для супраціўлення амерыкана-брытанскім войскам, якія напалі на Ірак у 2003. Першапачаткова гэта фарміраванне падпарадкоўвалася Аль-Каідзе. Але апошнім часам іракскія баевікі дзейнічаюць самастойна. Мэта групоўкі - стварэнне адзінай шарыяцкай дзяржавы на тэрыторыі Ірака, Сірыі і часткі Лівана.


Упершыню сусветныя СМІ загаварылі аб Ісламскай дзяржаве Ірака і Леванта ў студзені 2013. Тады групоўка ўсталявала кантроль над горадам Эль-Фалуджа. Каля года таму баевікі фарміравання пачалі прымаць актыўны ўдзел у сірыйскім канфлікце на баку тутэйшых радыкалаў. У Сірыі яны адрозніліся асаблівымі зверствамі - масавыя забойствы, паказальныя пакаранні, канібалізм.


У пачатку тыдня экстрэмісты з Ісламскай дзяржавы пачалі маштабную ваенную аперацыю на поўначы Ірака. Усяго за некалькі дзён ім удалося ўсталяваць кантроль над правінцыямі Кіркук і Найнава, захапіўшы шэраг буйных гарадоў. Колькасць забітых ідзе на сотні. Больш за паўмільёна мясцовых жыхароў у паніцы бягуць на поўдзень краіны. Гэтай ноччу сітуацыю ў Іраку абмеркаваў Савет Бяспекі ААН. У найбліжэйшы час Арганізацыя Аб'яднаных Нацый накіруе ў блізкаўсходнюю дзяржаву гуманітарную дапамогу - харчаванне і медыкаменты.


Эрдаган Іскан, намеснік пастаяннага прадстаўніка Турцыі пры ААН: Актывізацыя баевікоў-ісламістаў у Іраку будзе мець цяжкія наступствы для самой краіны, блізкаўсходняга рэгіёна і ўсяго свету. Мы яшчэ раз пераканаліся, што ў тэрарызму няма межаў.


Зараз тэрарысты акружаюць сталіцу Ірака Багдад. Як паведамляюць СМІ, у найбліжэйшы час можа пачацца штурм горада. Раней улады дзяржавы звярнуліся па дапамогу да ЗША і НАТА. Але замежныя партнёры абмежаваліся толькі асуджэннямі дзеянняў экстрэмістаў. Вашынгтон, зрэшты, паабяцаў разгледзець магчымасць нанясення авіяўдараў па пазіцыях тэрарыстаў. Пакуль жа ўся надзея на мясцовую армію і апалчэнцаў. У незанятых баевікамі рэгіёнах адкрываюцца цэнтры набору рэкрутаў. Урад мае намер раздаць зброю ўсім, хто гатовы ваяваць супраць радыкалаў.


Эксперты лічаць цяперашні крызіс у Іраку прамым вынікам амерыкана-брытанскага ўмяшання 11-гадовай даўнасці. Як адзначыў кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў, авантура, якую задумалі Лондан і Вашынгтон, не проста правалілася - сітуацыя выйшла з-пад кантролю. Памылковасць іракскай кампаніі 2003-га прызнаюць і на Захадзе. Сёння ў інтэрв'ю французскай радыёстанцыі Франс-энтэр былы дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан заявіла, што паступіла няправільна, прагаласаваўшы ў свой час за ўварванне ў Ірак. А ў сваіх мемуарах пад назвай Цяжкія рашэнні Клінтан нават папрасіла прабачэння за падтрымку інтэрвенцыі. Зрэшты, шматтысячную армію ўзброеных да зубоў ісламістаў, якія працягваюць захопліваць іракскія гарады, прабачэнні экс-кіраўніка амерыканскага дэярждэпа наўрад ці спыняць.