Cёння ў Расіі абвешчана агульнанацыянальная жалоба

26 декабря 2016

Увесь свет сёння смуткуе разам з Расіяй па ахвярах авіякатастрофы ў Чорным моры. На борце фатальнага лайнера Ту-154  былі 92 чалавекі. Выратавальная аперацыя ў акваторыі не спынялася ўсю ноч. Усе падрабязнасці - у нашым сюжэце.

Не паспела Расія акрыяць пасля сумных падзей, звязаных з забойствам пасла Андрэя Карлава ў Турцыі, як здарылася новая трагедыя. Напярэдадні   раніцай у Чорнае мора зваліўся  самалёт Мінабароны Ту-154.     На яго борце знаходзіліся  92 чалавекі -    8 членаў экіпажа і 84 пасажыры.   Як ужо заявілі ў Мінаховы здароўя Расійскай Федэрацыі, усе яны загінулі.   Ратавальнікі сцвярджаюць, што шанцы знайсці ацалелых у такой авіякатастрофе   роўныя нулю. У сувязі з трагічнымі падзеямі сёння ў Расіі абвешчана агульнанацыянальная жалоба. Па ўсёй тэрыторыі краіны прыспушчаныя дзяржаўныя флагі і   адменены    святочныя мерапрыемствы. Разам з расіянамі смуткуе і Беларусь.

Тым часам пошукава-выратавальная аперацыя ў Чорным моры, нягледзячы на дрэнныя  ўмовы надвор’я, не перарывалася ні на хвіліну. З надыходам  цёмнага часу сутак на караблях і ў берагавой зоне былі разгорнутыя асвятляльныя пражэктарныя ўстаноўкі вялікай магутнасці. Гэта дазволіла падраздзяленням Паўднёвай ваеннай  акругі безупынна праводзіць візуальны агляд берагавой лініі для выяўлення любых прадметаў, звязаных з крушэннем самалёта. Сёння на месца пошуку працягваюць прыбываць дадатковыя сілы пошукава-выратавальнага забеспячэння - караблі, вадалазы і авіяцыйная тэхніка.

Ігар Канашанкаў, афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны Расіі: "У раён пошуку працягваюць прыбываць дадатковыя сілы пошукава-выратавальнага забеспячэння, караблі, вадалазы і авіяцыйная тэхніка. У пошуках задзейнічаны 32 судны і катары, 80 вадалазаў, 5 верталётаў, беспілотныя лятальныя апараты і тэлекіравальныя глыбокаводныя апараты. Дадаткова рыхтуюцца да перакідання 1300 вайскоўцаў Паўднёвай ваеннай  акругі. У раён пошуку чакаецца прыбыццё выратавальных суднаў Чарнаморскага флоту з абсталяваннем, якое дазваляюць выконваць складаныя вадалазныя работы  на глыбінях да 400 метраў".

Ратавальнікі ўжо дасталі з вады целы 12-ці пасажыраў паветранага лайнера. Пошукі загінуўшых ускладняе той факт, што абломкі самалёта размеркаваныя па вялікай плошчы - звыш 10-ці з паловай кіламетраў. Прычынай гэтаму - моцная плынь у дадзеным раёне Чорнага мора. Акрамя таго, некаторыя эксперты заяўляюць, што вялікая пошукавая плошча паказвае на тое, што перад падзеннем самалёт мог разарвацца ў паветры. Зрэшты, аналагічны разлёт абломкаў лайнера мог справакаваць і магутны ўдар аб водную паверхню. Праліць святло на тое, як менавіта адбылася авіякатастрофа, змогуць толькі чорныя скрыні, якія  знаходзяцца на дне Чорнага мора.

Нагадаем, Ту-154 пачаў свой шлях у Сірыю з падмаскоўнага аэрадрома Чкалаўскі. У сочынскім аэрапорце Адлер борт Міністэрства абароны прызямліўся праз некалькі гадзін  - там тэхнічныя службы правялі дазапраўку самалёта. І лайнер ізноў падняўся ў паветра. Праз  2 хвіліны ён прапаў з радараў дыспетчарскай службы, не падаючы пры гэтым ніякага сігналу бедства.

На  борце лайнера знаходзіліся 92 чалавекі. Сярод якіх восем вайскоўцаў, 64 артысты ансамбля Аляксандрава, дзевяць прадстаўнікоў расійскіх тэлеканалаў, кіраўнік фонду "Справядлівая дапамога" Лізавета Глінка, вядомая як Доктар Ліза, двое федэральных дзяржслужачых. Яны ляцелі ў Сірыю  павіншаваць вайскоўцаў з надыходзячым Новым годам. Сёння родныя і блізкія загінуўшых працягваюць прыбываць у Сочы на месца трагедыі.  Людзям аказваецца неабходная псіхалагічная дапамога.

У цяперашні час прыярытэтнай версіяй крушэння Ту-154 пад Сочы эксперты называюць тэхнічныя   няспраўнасці  пры наборы вышыні. Адзначаецца таксама складанасць самога аэрапорта Адлера - заход толькі з боку мора. Магчымасць сыходу на другі круг абмежаваная. Прапрацоўваюцца і такія версіі як   памылка пілатавання, няякаснае паліва і тэракт. Зрэшты, імавернасць  апошняга камісія па расследаванні прычын крушэння практычна выключае.