З сённяшняга дня ў 10 абласцях Украіны дзейнічае ваеннае становішча

28 ноября 2018

Да падзей ва Украіне. З сённяшняга дня да 26 снежня ў 10 абласцях краіны дзейнічае ваеннае становішча. І пакуль палітыкі і эксперты абмяркоўваюць прычыны і наступствы Керчанскага канфлікту, радавым украінцам застаецца меркаваць, як зменіцца іх жыццё ў новых умовах.

У Бярдзянску і Марыупалі ўзмоцнена ахова партоў. На аб'ектах чакаецца павелічэнне колькасці вайскоўцаў. На дадзены момант пагранічнікі праводзяць патруляванне акваторыі Азоўскага мора. Прэзідэнт Украіны падкрэслівае, што ваеннае становішча ў краіне азначае толькі абарончыя дзеянні. Але звяртае ўвагу вядучых украінскіх СМІ: усё гэта "не цацкі".

Пётр Парашэнка, Прэзідэнт Украіны: "Пасля інцыдэнту, які адбыўся ў Азоўскім моры, мы павінны былі забяспечыць украінскія Узброеныя сілы на адпор у выпадку шырокамаштабнага наземнага ўварвання. Я хачу, каб ніхто не думаў, што гэта цацкі. Краіна знаходзіцца пад пагрозай поўнамаштабнай вайны з Расіяй".

А вось рыторыка расійскага прэзідэнта ўзважаная і аргументаваная. Уладзімір Пуцін нагадаў, што ў верасні гэтага года такі ж караван украінскіх ваенных караблёў ужо праходзіў па Керчанскім праліве ў Азоўскае мора, аднак тады усё было зроблена ў адпаведнасці з патрабаваннямі: украінскі бок падаў вычарпальную інфармацыю пра маршрут і мэты пераходу.

 Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі: "Гэта, безумоўна, правакацыя, арганізаваная дзеючай уладай. Думаю, што і прэзідэнтам дзеючым напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Рэйтынг дзеючага прэзідэнта знаходзіцца дзесьці на пятым радку, трэба нешта рабіць, каб сітуацыю абвастрыць..."

Прычыны і наступствы інцыдэнту ў Керчанскім праліве аналізуюць і палітыкі, і аглядальнікі сусветных СМІ. Аўтарытэтнае амерыканскае выданне Bloomberg таксама лічыць, што ўвядзенне ваеннага становішча ва Украіне пасля затрымання Расіяй украінскіх судоў падобна на перадвыбарную хітрасць прэзідэнта Парашэнкі.

"Першапачаткова план прэзідэнта заключаўся ў тым, каб увесці рэжым ваеннага становішча ва ўсёй краіне, што парушыла б ход выбарчых кампаній яго сапернікаў. Аднак гэта не спрацавала".

Выбары прызначаны на 31 сакавіка - дату зацвердзіла Вярхоўная рада. Улічваючы 30-дзённы тэрмін ваеннага становішча, на перадвыбарную кампанію з паўнавартасным удзелам усіх палітычных канкурэнтаў Парашэнкі часу будзе дастаткова.

Тым часам прад'яўлены абвінавачанні 12 украінскім маракам з затрыманых пагранічнікамі ФСБ суднаў. Размова ідзе пра незаконнае перасячэнне мяжы Расіі, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, паведамляе прэс-служба апарата ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Крыме. Згодна з Крымінальным кодэксам Расіі, ім пагражае 6 гадоў турмы. На думку экс-кіраўніка Службы знешняй разведкі Украіны генерала Мікалая Маламужа, Кіеў падставіў сваіх маракоў, аддаўшы тром суднам загад парушыць дзяржмяжу Расіі.

Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю парталу Politeka Online. "Калі ўкраінскія ўлады свядома выбралі для караблёў гэты маршрут і фармат руху, то гэта з'яўляецца вялікім злачынствам", - падкрэсліў генерал Маламуж.

А што ў самой Украіне? За суткі яна не ўпусціла каля 150 замежных грамадзян, паведамілі ў Дзяржаўнай пагранічнай службе. З іх адмову ва ўездзе атрымалі каля 80 расіян. Хтосьці не мог пацвердзіць мэту паездкі, у кагосьці былі несапраўдныя дакументы.