Расследаванне забойства Барыса Нямцова ўзяў пад свой асабісты кантроль прэзідэнт Расіі

28 февраля 2015

У Маскве забіты вядомы расійскі палітык Барыс Нямцоў. Асоба загінуўшага і месца злачынства - Нямцова расстралялі ля сценаў Крамля - спарадзілі шырокую дыскусію аб матывах і наступствах. Калі гаварыць аб дэталях, то трагедыя адбылася каля апоўначы на Вялікім Маскварэцкім мосце. Паводле дадзеных расійскіх СМІ, палітык гуляў з сяброўкай. З парай параўняўся белы аўтамабіль, раздаліся стрэлы. У Нямцова трапілі чатыры кулі. Следства адпрацоўвае некалькі версій, але асноўная з іх - палітычная.

Расследаванне гучнага забойства ўзяў пад свой асабісты кантроль прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які выказаў спачуванні родным і блізкім загінуўшага. Ён таксама адзначыў, што злачынства мае ўсе прыкметы заказнога і носіць выключна правакацыйны характар. Аб гэтым заявіў у інтэрв'ю і прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Прадстаўнікі заходніх краін выказалі спачуванні ў сувязі з забойствам Барыса Нямцова і назвалі тое, што адбылося, нахабным, агідным і дзёрзкім учынкам. Вашынгтон, Лондан, Брусель, Берлін і Парыж - усе шакаваныя злачынствам і патрабуюць пакараць вінаватых. Адным з першых на гібель расійскага палітыка адрэагаваў прэзідэнт ЗША Барак Абама. "Мы заклікаем Расію правесці хуткае, бесстаронняе і празрыстае расследаванне і зрабіць усё, каб вінаватыя паўсталі перад правасуддзем", - гаворыцца ў паведамленні. Рашуча асудзіў забойства Барыса Нямцова і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд. Ён назваў тое, што здарылася,  гнюсным і адыёзным злачынствам. Свае спачуванні родным загінуўшага выказала канцлер ФРГ Ангела Меркель, якая заявіла, што ўзрушаная подлым забойствам апазіцыйнага палітыка ў Маскве. І заклікала прэзідэнта Расіі забяспечыць дбайнае і бесстаронняе расследаванне забойства. Спробай дэстабілізаваць сітуацыю ў Расіі назваў забойства Нямцова  былы прэзідэнт Савецкага Саюза Міхаіл Гарбачоў. "Злачынства на Маскварэцкім мосце - гэта спроба падштурхнуць сітуацыю да ўскладнення, можа быць, нават да дэстабілізацыі становішча ў краіне, узмацніць супрацьстаянне", - заявіў Гарбачоў.