Пажар на захадзе Лондана не ўдаецца патушыць дагэтуль

14 июня 2017

Мы працягваем сачыць за сітуацыяй у Лондане. Буйны пажар успыхнуў на захадзе горада ў шматпавярховым будынку. Полымя разгарэлася на досвітку, калі шматлікія жыхары небаскроба яшчэ спалі. Сведкі распавялі, што агонь распаўсюджваўся вельмі хутка, над будынкам паднімаўся высокі слуп чорнага дыму і быў чутны трэск. Хроніка трагічных падзей -- у наступным рэпартажы.

Расказвае Юлія Неф: У запаленую свечку ператварыўся 27-павярховы небаскроб на захадзе Лондана. Сама меней 50 чалавек пацярпелі, 6 - загінулі ў выніку пажару, які ахапіў вежу Грэнфел. На працягу ўсяго пажару ў будынку заставаліся людзі, якія не змаглі самастойна выбрацца.

Відавочцы паведамлялі, што доступ да будынка для пажарных машын быў вельмі абцяжараны з-за надта вузкіх пад'язных шляхоў. Гэта прыкметна абмежавала магчымасці пажарных па барацьбе з полымем. Паліцыя ўсталявала кардоны. Натоўп назіральнікаў адціснулі з-за пагрозы разбурэння будынка. У тушэнні пажару задзейнічаны 45 адзінак пажарных машын і 200 ратавальнікаў. Таксама на месцы здарэння дзяжурыць 20 машын хуткай дапамогі. Паводле звестак мясцовых улад, да 600 чалавек маглі знаходзіцца ў будынку ў момант узнікнення агню.

Дані Катон, камісар лонданскай пажарнай брыгады: "Першыя пажарныя машыны прыехалі на месца здарэння праз 6 хвілін. У надзвычай складанай і небяспечнай сітуацыі экіпажы працавалі зладжана. Усе пажарныя экіпіраваны ў ізалявальныя процівагазы, а працаваць доўгі час у такіх апаратах няпроста, і гэта абцяжарвае выратаванне людзей і ўтаймаванне агню. Зараз у бальніцы дастаўлена 30 чалавек. Мне гэта цяжка гаварыць, але, паводле нашых звестак, некалькі людзей загінула ў пажары. Я не магу пакуль паведаміць іх колькасць. Прычына пажару пакуль не вядомая".

У супрацьпажарнай службе ўжо заявілі, што пагрозы абрушвання будынка няма. Тым не менш жыхары некаторых навакольных дамоў былі эвакуіраваныя. У мясцовых школах і спартыўных клубах разгорнуты цэнтры дапамогі. Мэр Лондана Садзік Хан заявіў, што пажар класіфікуецца як "надзвычайнае здарэнне". І паабяцаў праверыць сітуацыю з бяспекай такіх шматпавярховак. Дарэчы, у небаскробе, што палае, нядаўна завяршыўся капітальны рамонт, які каштаваў 10 мільёнаў фунтаў.