Падрабязнасці стральбы напярэдадні ў штаб-кватэры агенцтва Reuters у польскай Гдыні

15 ноября 2017

Сёння сталі вядомыя падрабязнасці стральбы напярэдадні ў штаб-кватэры агенцтва Reuters у польскай Гдыні. Паводле інфармацыі Radio Gdansk, стралком аказаўся супрацоўнік кампаніі - 30-гадовы ўраджэнец Гродна Сцяпан Свідзерскі. Як высветліла газета "Наша Ніва", ён быў актывістам апазіцыйнай арганізацыі "Моладзь БНФ", удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях, а потым паехаў у Польшчу па так званай праграме Каліноўскага. Таксама стала вядома, што ён неаднаразова ездзіў у зону баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны. Зараз ён затрыманы польскімі праваахоўнікамі.

Юрый Шаўчук расказвае. Польскі горад Гдынь. 14 лістапада, 7 гадзін вечара. Супрацоўнік кампаніі Reuters са стрэльбай і пісталетам падняўся на другі паверх свайго офіса і выстраліў два разы. Супрацоўнікі кампаніі кінуліся на падлогу і выклікалі экстранныя службы. Паводле слоў відавочцаў, стралок быў настроены сур'ёзна.

Адзін з работнікаў агенцтва накінуўся на свайго ўзброенага калегу і нанёс яму некалькі ўдараў. Пасля гэтага стралка затрымалі і перадалі паліцэйскім. Пазней высветлілася, што стралок - 30-гадовы ўраджэнец Беларусі Сцяпан Свідзерскі. Як высветліла прэса, калісьці ён меў самае прамое дачыненне да апазіцыйнай арганізацыі "Моладзь БНФ". Удзельнічаў у несанкцыянаваных акцыях, пасля чаго паехаў у Польшчу па праграме Каліноўскага. У Польшчы ён стаў захапляцца зброяй і стральбой. Прыкупіў вінтоўку і тры пісталеты, хацеў набыць і яшчэ адзін. А пазней стаў наведвацца на ўсход Украіны, у зону канфлікту.

Як напісала пра Свідзерскага "Наша Ніва", жыў ён толькі працай, стральбой і Украінай.

А наогул такія факты, калі асобныя беларусы выяўляюць такую актыўнасць за мяжой, не рэдкасць. Дастаткова ўспомніць раней судзімага Васіля Парфянкова. Удзельнік масавых беспарадкаў пераехаў ва Украіну, прыбіўся да нацыяналістычных фарміраванняў, якія ўдзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце. Аднак там ён праславіўся не ратнымі подзвігамі, а скандаламі і пагромамі банкаў.

А гэта з апошніх дасягненняў Парфянкова. У Святошынскім судзе ён разам з пабрацімамі ўчыніў бойку са спецназам і пабудаваў прама ў зале суда барыкады падчас працэсу над лідарам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.

Спіс такіх герояў і асабліва іх геройстваў можна працягваць бясконца. Сустаршыня "Маладога фронту" Лобаў таксама паехаў ваяваць ва Украіну, але як і Парфянкоў праславіўся пагромамі.

Або выхадзец з Беларусі Кляўко, які служыў у батальёне "Данбас" пад пазыўным Леў. Яго судзілі за расстрэл мірнага жыхара пад Марыупалем. А гэта яшчэ адзін выхадзец з Беларусі, вядомы на ўсю Украіну баявік батальёна "Тарнада" Ляшук па мянушцы Маджахед. Сваю сумную вядомасць атрымаў дзякуючы нечалавечай жорсткасці. Разбоі, згвалтаванні, забойствы - гэта далёка не поўны пералік паслужнога спісу баевіка.

Усе гэтыя "геройствы герояў" аб'ядноўвае адно: яны ўзялі ў рукі зброю на чужой вайне, каб займацца сваёй любімай справай. І па меры аддалення ад радзімы яны імгненна разгубілі праваабарончы арэол пакутнікаў за ідэю, паказаўшы сябе выключна з таго боку, які ва ўсіх краінах знаходзіцца ў кампетэнцыі Крымінальнага кодэкса.