Падрабязнасці перамоў Вялікабрытаніі і Еўрасаюза

20 февраля 2016

Ад вынікаў гэтага саміту ЕС, без перабольшання, залежыў лёс Вялікабрытаніі. Да паловы шостай раніцы ў першы дзень форуму доўжыліся перамовы Кэмерана тэт-а-тэт з кіраўнікамі дзяржаў і кіраўніцтвам ЕС. Сустрэчы працягнуліся і на наступны дзень. Знайсці кампраміс было складана. Што, у прынцыпе, нядзіўна - рашэнне павінна задаволіць усіх кіраўнікоў ЕС. Пры гэтым ініцыятар змяненняў толькі адна краіна.

Франсуа Аланд, прэзідэнт Францыі: "Вялікабрытанія павінна застацца ў ЕС, але не на шкоду прынцыпам саюза. Нам патрэбен кампраміс, але не любой цаной. Інакш будзе рызыка, што іншыя краіны запатрабуюць для сябе ўслед за Лонданам адмысловых умоў. Ніводная краіна не павінна блакіраваць дамоўленасці. Еўропа павінна рухацца наперад".

Каб Брытанія не выйшла з аб'яднання, Лондану пайшлі на сустрэчу, але па тым шляху рэформ, які задаволіў увесь Еўрасаюз. Некалькі месяцаў працы над пагадненнем, незлічоная колькасць нарад, 31 гадзіна напружаных перамоў на саміце, фінальная частка якіх апынулася нечакана імклівай. Прынятыя ўсе асноўныя патрабаванні Дэвіда Кэмерана, у тым ліку і галоўнае: Злучанае Каралеўства не будзе выплачваць дапамогі працоўным мігрантам першыя чатыры гады іх знаходжання ў краіне. І што важна - права гэта будзе юрыдычна замацаванае.

Ангела Меркель, канцлер Германіі: "Нікому з нас гэта не далося лёгка. Усе павінны быць гатовыя да кампрамісаў".

Саламонава рашэнне прапанаваў Брусель. У адказ на галоўнае патрабаванне Кэмерана - заблакіраваць дапамогі мігрантам з іншых краін ЕС, старшыня Еўрасавета распрацаваў праграму "экстраннага тармажэння". Што значыць - спыняць выплаты дапамог можна, але толькі калі краіна дакажа: нагрузка на сацыяльную сістэму празмерная. З такой умовай пагадненне і прынялі.

Дэвід Кэмеран, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Вялікабрытанія будзе адчуваць сябе ў большай бяспецы ў адзінай і рэфармаванай Еўропе".

Дональд Туск, кіраўнік Еўрасавета: "Мы паслалі выразны сігнал, што можам ахвяраваць нашымі інтарэсамі для агульнай выгады. Веру, што Вялікабрытанія мае патрэбу ў Еўропе, а Еўропа мае патрэбу ў Вялікабрытаніі. Мы зрабілі ўсё, што маглі".

Дасягнуты кампраміс - небяспечны, лічаць назіральнікі. Еўропа захавала межы, але выключэнні для адной краіны зробленыя. У Бруселі, у сваю чаргу, настойваюць, што пагадненне з Вялікабрытаніяй - справа асаблівая. Так склалася гістарычна.

Акрамя эканамічных прывілеяў, Лондан настойваў і на заканадаўчай рэформе. Кэмеран дамагаўся ўзмацнення нацыянальных парламентаў. Такім чынам Лондан мог атрымаць магчымасць блакіраваць законапраекты ЕС. Але еўраскептыкі ўжо заяўляюць: брусельскае пагадненне не дазволіць гэтага зрабіць. Кэмеран упэўнены: дасягнутых дамоўленасцяў і так дастаткова.

Паводле апытанняў, прыхільнікаў і праціўнікаў выхаду Каралеўства з ЕС прыкладна ў краіне пароўну. Найбліжэйшым часам прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі абмяркуе канчатковы варыянт пагаднення з членамі ўрада. А на пачатку тыдня выступіць у парламенце краіны, дзе, як чакаецца, і назаве дату рэферэндуму. Паводле прагнозаў, ужо ў чэрвені брытанцы адкажуць на пытанне, быць ім або не быць у Еўрасаюзе.