"Адно акно" з выкарыстаннем IT-тэхналогій

23 ноября 2015

Электронны дакументаабарот - як эканомія часу і грошай. Якім можа стаць "Адно акно" з выкарыстаннем сучасных тэхналогій - абмяркоўвалі на семінары ў Калінкавічах. IT - палепшаць узаемадзеянне адразу некалькіх служб. Каб не абіваць парогі розных інстанцый - прадстаўнікі мясцовай улады, напрыклад, могуць атрымаць неабходны дакумент адным клікам.

Андрэй Філіпенка, гендырэктар нацыянальнага кадастравага агенцтва: "Усе гэтыя дадатковыя дзеянні, паштовыя выдаткі можна выключыць, калі атрымліваць інфармацыю ў мясцовых органах улады пры дапамозе інфармацыйных тэхналогій. Шляхам адпраўлення электронных запытаў і атрымання электронных дакументаў. Ужо сёння - гэта рэальна, гэта працуе ў шматлікіх месцах, і гэта прыносіць карысць усім".

Андрэй Гаеў, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Беларусі: "Вельмі актуальным з'яўляецца пытанне павышэння эфектыўнасці як эканомікі ў цэлым, так і кіраўнічых працэсаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя органы. А без сучасных інфармацыйных тэхналогій гэта зрабіць немагчыма. Тое, што рабілася гадамі з выкарыстаннем папяровых носьбітаў, на сённяшні дзень вырашаецца літаральна за некалькі секунд".

Сёння ў Калінкавіцкім раёне спецыялісты землеўпарадкавальнай службы атрымліваюць за дзень каля 50-ці электронных запытаў. Аднак за мінулы год па папяровых запытах мясцовых органаў улады было выдадзена больш за 100 тысяч даведак аб правах на нерухомасць. Выдаткі толькі на паслугі пошты склалі больш за мільярд рублёў.