Сумныя навіны з Турцыі

14 марта 2016

Краіна аплаквае тых, хто загінуў у выніку атакі смяротнікаў у цэнтры Анкары. На гэты момант вядома аб 37-мі загінуўшых, дзясяткі параненыя. Пакуль адказнасць за напад ніхто на сябе не ўзяў. Папярэдняя версія следства - за тэрактам стаіць Рабочая партыя Курдыстана. Шчырыя спачуванні Прэзідэнту Турцыі, родным і блізкім загінуўшых, а таксама ўсяму турэцкаму народу выказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. "У нашай краіне з глыбокім болем і смуткам успрынялі вестку аб другім за апошні месяц тэракце ў сталіцы Турцыі", - гаворыцца ў спачуванні.

Даган Асір, відавочца: "Чорная машына пад'ехала на прыпынак. Праз 10 секунд аўтамабіль уехаў прама ў аўтобус і раздаўся магутны выбух. Асколкі і кавалкі металу паляцелі на нас з усіх бакоў, адзін трапіў мне ў руку. Я бачыў, што некалькі чалавек памерлі на месцы".

У момант, калі на прыпынку грамадскага транспарту ў цэнтры горада была вялікая колькасць людзей, тэрарысты-смяротнікі ўзарвалі замініраваны аўтамабіль, які, як высветлілася, лічыўся выкрадзеным з 10 студзеня. Інцыдэнт стаў пятым у чарзе атак, што скалынулі Турцыю за апошнія два месяцы. Дым, крыкі, жыхары Анкары дагэтуль у паніцы. У сталічных бальніцах дзясяткі параненых, колькасць ахвяр тэракта можа павялічыцца.

Мехмет Мюэзіаглу, міністр аховы здароўя Турцыі: "У першую чаргу я асуджаю гэты тэрарыстычны акт. Ён бесчалавечны, забітыя нявінныя людзі. Учора вечарам чацвёра грамадзян памерлі ў бальніцах, сёння памерлі яшчэ тры чалавекі. Яшчэ 70 параненых застаюцца ў бальніцах. Асабліва непакоіць стан 15-ці чалавек, якія знаходзяцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі".

Выбух быў вельмі магутным: гукавая хваля пераадолела двухкіламетровы радыус. У будынках было выбіта шкло, а прыпаркаваныя паблізу аўтамабілі загарэліся. На месца надзвычайнага здарэння неадкладна прыбылі пажарныя разлікі і карэты хуткай дапамогі.

Звестак наконт грамадзян Беларусі сярод ахвяр няма. Пасольства нашай краіны ў Турцыі тым не менш уважліва адсочвае сітуацыю. Цэнтр Анкары перакрыты. Выбух прагрымеў на бульвары Атацюрка - адной з галоўных вуліц турэцкай сталіцы: там размешчаныя ўрадавыя будынкі, гэта буйны транспартны вузел. Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган у адказ на выбух абяцаў "паставіць тэрарызм на калені". Турэцкія сілавікі паабяцалі назваць імёны арганізатараў на працягу сутак.

Эфкан Ала, міністр унутраных спраў Турцыі: "Мы глыбока смуткуем. Але я ўпэўнены, што хутка ўсё прыйдзе ў норму. Ужо зараз мы дасягнулі канкрэтныя вынікі. Пачата расследаванне. Задзейнічаныя ўсе галіны службаў бяспекі і разведкі".

Дарэчы, за два дні да тэракта аб небяспецы знаходжання ў цэнтры Анкары сваіх грамадзян папярэдзіла амерыканскае пасольства. 11 сакавіка адпаведнае паведамленне было размешчанае на сайце дыппрадстаўніцтва. Гэта звычайная практыка. Зразумела, што ЗША папярэджвалі аб тэракце і ўлады краіны-саюзніка. Чаму тэрарыстам уладося ўчыніць тэракт, адказ трымаць сілавікам.

Усяго месяц таму, 17 лютага, аўтамабіль з бомбай узарваўся ля аўтобуса Міністэрства абароны Турцыі ў раёне, дзе знаходзяцца будынкі ваенных устаноў і інтэрнаты для вайскоўцаў. Загінулі 28 чалавек, больш чым 60 атрымалі раненні. Тады па гарачых слядах арыштавалі больш за дзясятак падазроных, а адказнасць за выбух усклалі на курдаў. Тыя ў сваю чаргу дачыненне да здарэння адмаўлялі.

Сёння, пасля ўчарашняга тэракта, самалёты ВПС Турцыі нанеслі ўдары на поўначы Ірака па пазіцыях Рабочай партыі Курдыстана, якая мае ў краіне статус тэрарыстычнай. Следства тым часам высветліла, што ўзрыў аўтамабіля ўчынілі два чалавекі: мужчына і жанчына. Затрыманыя як мінімум чацвёра падазроных у арганізацыі тэракта. У Анкары аплакваюць і хаваюць загінуўшых.