Становішча ва Украіне абмяркоўвалі ў Нью-Ёрку, Берліне і Рызе

6 марта 2015

Увага па-ранейшаму прыкаваная да сітуацыі ва Украіне. Сёння становішча ў краіне абмяркоўвалі ў Нью-Ёрку, Берліне і Рызе. У ЗША шляхі выйсця з крызісу шукаў Савет Бяспекі ААН, у Латвіі прайшоў нефармальны саміт міністраў замежных спраў ЕС, а ў нямецкай сталіцы сабраліся кіраўнікі МЗС "нармандскай чацвёркі". На ўсіх трох пасяджэннях абмяркоўвалі рэалізацыю мінскіх дамоўленасцяў. У першую чаргу - выконванне рэжыму спынення агню і графіка адводу цяжкіх узбраенняў.

Як паведамляюць назіральнікі і журналісты, украінская армія і фарміраванні самаабвешчаных рэспублік працягваюць адводзіць ад лініі размежавання самаходныя артылерыйскія ўсталёўкі, танкі і сістэмы залпавага агню. Становішча ў зоне канфлікту застаецца напружаным, але стабільным.

Складаная сітуацыя склалася і ў эканоміцы Украіны. Як заявіла сёння кіраўнік Нацбанка краіны Валерыя Гонтарава, за мінулы год у выніку банкруцтва 44 фінустаноў дзяржава страціла 200 мільярдаў грыўняў - гэта 9% ВУП. Дарэчы, завяршыць даклад у Радзе Гонтаравай не атрымалася. Яе выступленне было сарвана дэпутатамі Радыкальнай партыі, якія выступілі за звальненне кіраўніка Нацбанка. Такую прапанову паплечнікі скандальна вядомага палітыка Алега Ляшко агучваюць ужо не першы раз.