Новая ядзерная дактрына ЗША асаблівую ўвагу надае Расіі, Кітаю, КНДР і Ірану

3 февраля 2018

У Вашынгтоне прынята новая ядзерная дактрына ЗША. Асаблівая ўвага ў дакуменце нададзена Расіі, Кітаю, КНДР і Ірану. Прычым Маскву аўтары дактрыны абвінавачваюць у пагрозах першай прымяніць абмежаваны ядзерны ўдар. У той жа час у дакуменце адзначаецца, што Вашынгтон не разглядае ні адну з дзяржаў "ядзернага клуба" ў якасці праціўніка і спадзяецца наладзіць стабільныя адносіны з усімі яго членамі.

Патрык Шанахан, першы намеснік міністра абароны ЗША:

"З моманту заканчэння халоднай вайны ЗША працавалі над зніжэннем колькасці ядзерных боезарадаў, але з моманту прыняцця апошняй ядзернай дактрыны ў 2010 свет моцна змяніўся. І мы павінны ўлічваць сучасныя выклікі. Нашы рэкамендацыі не патрабуюць распрацоўкі новых відаў зброі і павелічэння ядзерных запасаў. У дактрыне гаворыцца: (я цытую) "Злучаныя Штаты будуць разглядаць пытанне аб выкарыстанні ядзернай зброі толькі ў крайнім выпадку - у экстрэмальных акалічнасцях для абароны жыццёва важных інтарэсаў ЗША, іх саюзнікаў і партнёраў".

Дакумент ужо пракаменціраваў пасол Расіі ў ЗША Анатоль Антонаў. Дыпламат заявіў, што дактрына патрэбна Пентагону для апраўдання росту ваенных выдаткаў. Адзначым, зараз у складзе стратэгічных ядзерных сіл ЗША каля 1400 ядзерных боезарадаў. У Расіі прыкладна столькі ж. Далей у рэйтынгу ядзерных арсеналаў са значным адрывам знаходзяцца Вялікабрытанія, Францыя і Кітай - ад 200 да 300 зарадаў.