"Нармандская чацвёрка" дамовілася падрыхтаваць дарожную карту мінскіх пагадненняў

20 октября 2016

Першыя сёлета перамовы "нармандскай чацвёркі" ў Берліне працягваліся амаль пяць гадзін і скончыліся позна ноччу. Галоўны вынік - бакі дамовілася падрыхтаваць дарожную карту мінскіх пагадненняў. Як паведаміў пасля сустрэчы прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, гэтая дарожная карта павінна быць распрацаваная і ратыфікаваная бакамі ўжо да канца лістапада.

Расказвае Аляксандра Пінчук.

Германія, Францыя, Расія і Украіна дамовіліся перайсці ад перамоў да складання дарожнай карты рэалізацыі мірных пагадненняў, што дазволіць паскорыць працэс урэгулявання сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. Была дасягнута і дамоўленасць, паводле якой бакі ў Данбасе павінны развесці войскі ў трох раёнах, па якіх раней ужо дамаўляліся, і пачаць перамовы яшчэ па чатырох раёнах.

Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: "Гэтая дарожная карта будзе ўключаць у сябе і паслядоўнасць выканання мінскіх дамоўленасцяў, і гарантыі іх выканання. Альтэрнатывы "нармандскаму фармату" няма. Расія на сустрэчы падтрымала прысутнасць узброенай місіі АБСЕ ў Данбасе".

Аб гатоўнасці пашырыць місію АБСЕ ў Данбасе заявіў па выніках сустрэчы і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расіі: "Мы шмат увагі надалі пытанням бяспекі і дамовіліся па цэлым шэрагу пазіцый аб тым, што павінна быць зроблена ў найбліжэйшы час у сэнсе далейшага рашэння пытанняў, звязаных з развядзеннем канфліктуючых бакоў. У двух месцах гэты адвод ужо адбыўся. Пацвердзілі, што мы гатовыя пашырыць місію АБСЕ ў зоне адводу і ў пунктах захоўвання цяжкай тэхнікі.

Усе без выключэння ўдзельнікі саміту сышліся ў меркаванні, што ў аснове ўрэгулявання на паўднёвым усходзе Украіны павінны ляжаць мінскія пагадненні".

Ангела Меркель, канцлер Германіі: "Мы гаварылі аб тым, каб назіральнікі АБСЕ атрымалі доступ да ўсіх рэгіёнаў аж да мяжы, расійскі прэзідэнт паказваў на гэта, і ў некаторых выпадках гэты доступ абцяжараны. Акрамя таго, як ужо было сказана, калі рыхтуецца выбарчы працэс, калі існуе закон аб выбарах, то можна гаварыць і аб місіі АБСЕ, у тым ліку аб узброеных часцях".

Францыя і Германія маюць намер працягваць суправаджаць гэты працэс, таму што "мінскія пагадненні - гэта тая аснова, якая ў нас ёсць, адзінае пагадненне". Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд лічыць, што ў сферы гарантавання бяспекі варта кантраляваць неадкладнае і поўнае спыненне агню і адвод узбраенняў.

Франсуа Аланд, прэзідэнт Францыі: "Дарожную карту будуць узгадняць кіраўнікі МЗС краін "нармандскай чацвёркі". Яна будзе складзена з прытрымліваннем усіх палажэнняў мінскіх пагадненняў. Было важна прасунуцца наперад па шэрагу пунктаў, у прыватнасці па пытаннях гарантавання бяспекі, гуманітарных і палітычных".

Адразу пасля сустрэчы ў "нармандскім фармаце" прайшлі трохбаковыя перамовы лідараў Расіі, Германіі і Францыі па Сірыі. Ангела Меркель назвала іх жорсткімі і цяжкімі. Цэнтральным пытаннем стала сітуацыя вакол Алепа. Расія гатовая падоўжыць гуманітарную паўзу, пры гэтым разлічвае на правядзенне Захадам працы па раздзеле тэрарыстаў і ўмеранай апазіцыі.