Непагадзь сапсавала святы

26 декабря 2013
Снегапады, ледзяныя дажджы і тарнада, якія абрынуліся ў Каляды на ЗША, Канаду і Еўропу, не адыходзяць. Зараз у пацярпелых раёнах імкнуцца наладзіць падачу электрычнасці, але, па словах ратавальнікаў, непагадзь можа сур'ёзна перашкодзіць іх планам.

Больш падрабязна Юрый Казлоў.

Такіх Каляд у жыхароў Канады і амерыканскага паўночнага ўсходу не было даўно. Ледзяныя дажджы выводзілі з ладу цэлыя падстанцыі, шквалісты вецер абрываў лініі электраперадачы. Толькі ў ЗША без святла засталіся каля 400 тысяч дамоў. Паўмільёна чалавек адзначалі свята пры свечках у Канадзе.

Некаторыя рамантыкі, напэўна былі б і рады такой абстаноўцы, калі б у дадатак да адсутнасці электрычнасці ў дамах не знікла ацяпленне. Супрацоўнікі камунальных служб і электрыкі адрабілі суткі без сну і адпачынку, але ліквідаваць усе непаладкі не ўдалося.

Джасцін Фіш, супрацоўнік камунальнай службы: У многіх дамах па-ранейшаму няма ацяплення. Трубы пачынаюць замярзаць. Мы робім усё, што ў нашых у сілах.


Між тым дзясяткі тысяч грамадзян ЗША і Канады сустракалі свята ў дарозе. Больш дакладна, у чаканні паездкі. Яшчэ на выхадных з-за дрэннага надвор'я ў аэрапортах Канады і паўночнага ўсходу ЗША пачалі пераносіць альбо зусім адмяняць вылеты.

Не лепшая сітуацыя і на аўтатрасах. Дарогі зледзянелі альбо падтоплены. Зафіксавана рэкордная колькасць ДТЗ. Ахвярамі непагадзі сталі каля 30 чалавек. Дзве трэці з іх загінулі ў аварыях. Астатнія атруціліся ўгарным газам, спрабуючы сагрэцца з дапамогай генератараў.


У Паўднёвай Амерыцы іншая бяда. Тут свята азмрочана моцнай паводкай. Загінулі больш за 40 чалавек. 50 тысяч мясцовых жыхароў туляцца ў часовых сховішчах. Прагнозы сіноптыкаў несуцяшальныя - у найбліжэйшыя дні ліўні прадоўжацца.

Непагадзі не абышлі і Стары Свет. На поўначы Еўропы моцныя снегапады. Гэту раніцу жыхары скандынаўскіх краін правялі з лапатамі ў руках. Адны спрабавалі ачысціць ад снегу двор, другія адкопвалі аўтамабілі.

Захад і цэнтральная частка кантынента замест самай халоднай за апошнія сто гадоў зімы, атрымалі самую мокрую. Цыклон Дзірк, які накрыў палову кантынента, выклікаў паводкі ў Францыі і Вялікабрытаніі, валіў дрэвы ў Польшчы і Германіі. У французскай Брэтані ў выніку падмыву падмурка абваліўся 4-павярховы дом. У дэпартаменце Сона і Луара абваліўся дах школы. На шчасце, абышлося без ахвяр.