Клінтан або Трамп?

8 ноября 2016

Ёй прарочаць перамогу на 90 %. Клінтан або Трамп? Галоўная палітычная гонка гэтага года набліжаецца да канца. Увесь свет сёння сочыць за выбарамі прэзідэнта ў Амерыцы. Барацьба будзе упартай - разрыў паміж кандыдатамі ўсяго 3 %.

За ходам самай скандальнай у гісторыі Амерыкі кампаніі сочыць Вольга Давідовіч. Сёння ў ЗША - першы этап непрамых двухступенных прэзідэнцкіх выбараў: за ўсенародным галасаваннем ідзе галасаванне выбаршчыкаў (яно пройдзе 19 снежня), дзе для перамогі кандыдату трэба атрымаць 270 галасоў з 538. Звычайна выбаршчыкі, а гэта кангрэсмены, былыя вайскоўцы або ж папулярныя медыйныя асобы - іх прызначае партыйнае кіраўніцтва кожнага штата - галасуюць гэтак жа, як і насельніцтва. Але амаль усюды працуе прынцып "пераможца атрымлівае ўсё". Гэта значыць, перамога кандыдата нават з мінімальнай перавагай дае яму галасы ўсіх выбаршчыкаў штата. У бюлетэні для галасавання ўключаныя кандыдаты ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп, ад Дэмакратычнай - Хілары Клінтан, ад Лібертарыянцкай - Гэры Джонсан, а кандыдат "зялёных" Джыл Стэйн уключаная ў бюлетэні толькі ў 45 штатах. Зрэшты, традыцыйна за прэзідэнцкае крэсла змагаюцца рэспубліканец і дэмакрат. За некалькі дзён рэйтынгі Клінтан і Трампа амаль зраўняліся. Паводле звестак апытанняў, амерыканцы будуць выбіраць па прынцыпе "з дзвюх бед". Выбаршчыкі гавораць, што ў асноўным расчараваныя кампаніяй і незадаволеныя тым, што кандыдаты надаюць куды больш увагі ўзаемным абвінавачанням, чым унутрыпалітычнаму парадку дня. Насамрэч, гэтую перадвыбарную гонку ўжо ахрысцілі самай бруднай у гісторыі.

Зрэшты, паводле звестак выніковага перадвыбарнага даследавання агенцтва "Рэйтэр", пераможа Клінтан з верагоднасцю 90% . Шанцы Трампа залежаць у асноўным ад вынікаў выбараў у Фларыдзе, Мічыгане, Паўночнай Караліне, Агая і Пенсільваніі. Як адзначаюць эксперты, калі Трамп атрымае перамогу ў большасці з гэтых штатаў, ён зможа разлічваць на поспех. Таму не дзіўна, што абодва кандыдаты напярэдадні адправіліся ў гэтыя штаты.

Напружанасць у амерыканскім грамадстве і нядаўняя адмова Трампа абяцаць прызнанне вынікаў выбараў гавораць пра тое, што Клінтан патрэбна ўпэўненая перамога. Але сітуацыю ёй папсавала актыўнасць ФБР, якое тыдзень таму раптам вырашыла перагледзець справу аб электроннай перапісцы экс-дзяржсакратара. Зрэшты, у мінулыя выхадныя спецслужбы прыпознена пацешылі дэмакратычнага кандыдата - справу вырашылі не аднаўляць. У СМІ ўжо з'явілася інфармацыя, што дзеючы прэзідэнт ЗША Барак Абама, які ўжо прагаласаваў датэрмінова за Хілары, мае намер звольніць кіраўніка ФБР.

"Ісламская дзяржава" праз сацыяльныя сеткі палохае тэрактамі ў дзень галасавання і заклікае амерыканскіх мусульман байкатаваць выбары. У буйных гарадах ЗША ўзмоцненыя меры бяспекі. Асаблівая ўвага Нью-Ёрку - упершыню ў абодвух кандыдатаў ад канкуруючых партый штаб-кватэры ў суседстве. З галоўнага офіса ў Брукліне Клінтан пераехала ў выставачны цэнтр Манхэтэна. Адгэтуль жа быў запланаваны пераможны феерверк - прычым на ўвесь Гудзон. Пакуль, гавораць, змен у яе планах няма. Зрэшты, як і ў Дональда Трампа. Яго пераможная вечарынка, праўда, не ў імянным небаскробе, а ў суседняй гасцініцы, таксама ў сіле. Хто будзе адзначаць, стане вядома ўжо заўтра - за некаторы час да аб'явы пераможца прэзідэнцкіх выбараў у Амерыцы запусцілі зваротны анлайн-адлік. Гэта зрабіў тэлеканал CNN у Facebook. А ў Youtube пачалося анлайн-галасаванне за кандыдатаў, аўтары роліка ўлічваюць галасы, пакінутыя ў каментарыях. Перамога пакуль на баку Клінтан.