Іран атакаваў Ізраіль дронамі і ракетамі. Ізраіль запрасіў тэрміновае пасяджэнне Савета Бяспекі ААН

14 апреля 2024

Сур'ёзнае абвастрэнне канфлікту на Блізкім Усходзе. Мінулай ноччу Іран ажыццявіў масіраваную атаку на Ізраіль. Яна стала адказам Тэгерана на ўдар Ізраіля па іранскім консульстве ў Дамаску. 1 красавіка там былі забіты сем іранскіх афіцэраў.

Усяго было выпушчана 185 беспілотнікаў, 36 крылатых ракет і 110 ракет класа "зямля-зямля" трыма серыямі, паведамляе "Нью-Ёрк таймс". Выбухі былі чутныя ў Іерусаліме і яшчэ некалькіх гарадах. Зафіксавана таксама серыя прылётаў у раёне Негеў на ізраільскай ваеннай базе "Рамон".

Ізраільскія вайскоўцы паведамляюць, што 99 % запушчаных снарадаў удалося перахапіць, большасць за межамі краіны. Іарданія дала сваю паветраную прастору ізраільскім і амерыканскім ВПС. У выніку дзясяткі асколкаў ад збітых снарадаў упалі на гарады каралеўства. Загінулі 3 чалавекі. У Ізраілі (на поўдні краіны) раненні атрымала дзяўчынка-бедуінка.

Корпус вартавых іранскай рэвалюцыі заявіў аб "паспяховым знішчэнні" важных ваенных цэляў. Дэлегацыя Тэгерана ў ААН назвала атаку самаабаронай у адпаведнасці са Статутам арганізацыі. Ізраіль у сваю чаргу паабяцаў даць "беспрэцэдэнтны адказ". Тэрміновае пасяджэнне Саветя Бяспекі ААН адбудзецца вечарам 14 красавіка.