Флот Саудаўскай Аравіі асадзіў парты Емена

31 марта 2015

Флот Саудаўскай Аравіі асадзіў парты Емена, каб не даць паўстанцам-хусітам атрымаць зброю і падмацаванне звонку. Міжнародная кааліцыя на чале з Саудаўскай Аравіяй па просьбе прэзідэнта Абд Рабу Мансура Хадзі вядзе ў Емене ваенную аперацыю супраць мяцежнікаў-хусітаў, якія кантралююць большую частку тэрыторыі краіны. Напярэдадні авіяўдары былі часова спынены для таго, каб замежныя дзяржавы маглі эвакуіраваць з краіны сваіх грамадзян. Эксперты не выключаюць пачатку наземнай аперацыі ў Емене. Раней Ліга Арабскіх Дзяржаў дамовілася аб стварэнні аб'яднанай арміі для рэагавання на рэгіянальныя канфлікты. У сувязі з рэзкім пагаршэннем ваенна-палітычнай сітуацыі ў Емене МЗС нашай краіны рэкамендаваў беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у гэтую арабскую дзяржаву.