Дэфолт у ЗША - усё бліжэй, а выхаду так і няма

14 октября 2013

У чацвер, 17 кастрычніка, забеспячэнне фінансавых абавязальніцтваў Вашынгтона стане немагчымым. Міжнародны Валютны Фонд на выхадных заклікаў амерыканскія ўлады да хутчэйшага рашэння праблемы. Інакш дэфолт у ЗША прывядзе да катастрафічных падзей ва ўсім свеце. Сенатары спрабавалі напярэдадні падчас перамоў знайсці кампраміс, але не выйшла.


Расказвае Аляксандра Пінчук.


У ЗША не спыняюцца пратэсты ў сувязі з бяздзейнасцю ўрада на фоне маючага адбыцца дэфолту. Другі раз за гэты месяц амерыканскія ветэраны ўзялі штурмам Мемарыял у Вашынгтоне ў памяць аб героях Другой сусветнай вайны. Помнік зачынены з-за недахопу фінансавання федэральнага ўрада.


Добра разумеюць усю абсурднасць сітуацыі і мясцовыя палітыкі.


Сара Пэйлін, былы губернатар штата Аляска, ЗША:


Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць нашых паважаных ветэранаў. А дзе ж наш галоўнакамандуючы Барак Абама? Ці не жадае і ён выказаць сваю павагу ваенным?


Тэд Круз, сенатар ад штата Тэхас, ЗША:


Няўжо ў нас так шмат грошай, каб мы маглі марнаваць іх на ўзвядзенне агароджаў вакол мемарыяла героям Другой сусветнай?


Пунктам незвароту для міністэрства фінансаў ЗША застаецца чацвер. 17 кастрычніка амерыканскае казначэйства пачне адчуваць недахоп у фінансавых сродках, калі ўлады так і не змогуць прыняць рашэнне аб павышэнні ліміту дзярждоўгу. А гэта аўтаматычна пацягне за сабой нестабільнасць на фондавых і валютных рынках. Кіраўнік Міжнароднага валютнага фонду Крысцін Лагард папярэдзіла, што дэфолт у ЗША можа падштурхнуць свет да рэцэсіі.


Крысцін Лагард, кіраўнік МВФ:


Дзеянні амерыканскіх улад здольныя справакаваць маштабны збой ва ўсім свеце. Шматлікія краіны паступова пачынаюць выходзіць з крызісу, але зараз сітуацыя такая, што яны цалкам могуць ізноў вярнуцца да эканамічных паказчыкаў крызісных часоў. Не варта сумнявацца і ў тым, што дэфолт адмоўна адаб'ецца на эканоміцы ЗША.


У выхадныя дэмакраты і рэспубліканцы ў сенаце ўпершыню за гэтыя дні правялі прамыя перамовы. Аднак і намёку на які-небудзь сур'ёзны прагрэс няма. Пакуль паліцэйскія ўзводзяць ля Белага дома дадатковыя ахоўныя будынкі. У рэзідэнцыі Барака Абамы не спыняюцца пратэсты. Іх удзельнікі заклікаюць аб'явіць імпічмент 44-му прэзідэнту ЗША.