Анкара аб’явіла мэтай наступлення знішчэнне тэрарыстычнага калідора

10 октября 2019

Да міжнародных тэм.  У Сірыі  з памежных раёнаў на паўночным усходзе краіны  бягуць мясцовыя жыхары.  Пасля пачатку ваеннай аперацыі "Крыніца міру", якую разгарнула турэцкая армія,  колькасць бежанцаў за суткі  перавысіла 60  тысяч чалавек. Анкара аб’явіла  мэтай наступлення  знішчэнне тэрарыстычнага калідора, які спрабуюць стварыць ля паўднёвых меж краіны.  Вайскоўцы плануюць ачысціць прымежныя тэрыторыі ад курдскага апалчэння, стварыць зоны бяспекі  і размясціць там сірыйскіх бежанцаў.  Паводле  даных турэцкіх улад,   у іх краіне зараз знаходзяцца ўжо каля 4 мільёнаў сірыйцаў, якіх  цытата "немагчыма ўтрымоўваць бясконца".

Рэджэп Таіп Эрдаган,  Прэзідэнт Турцыі: "Еўрасаюз, прачніцеся! Я паўтараю: калі вы паспрабуеце назваць нашу аперацыю "ўварваннем", то наша задача простая: мы адчынім дзверы і адправім да вас 3 мільёны 600 тысяч сірыйскіх мігрантаў". 

Узброеныя сілы Турцыі паведамляюць, што пазначаныя цэлі  захапілі.  Паводле інфармацыі,  якая паступае,  загінула не меней як 14 вайскоўцаў.  А ў выніку атакі сірыйскіх курдаў на турэцкі горад Акчакале   загінулі 6 чалавек.  Супярэчлівыя паведамленні прыходзяць аб колькасці ахвяраў сярод сірыйскага грамадзянскага насельніцтва.  Як паведамляе  агенцтва SANA, за суткі на паўночным  усходзе Сірыі загінулі 13  мірных грамадзян, яшчэ 29  атрымалі раненні.  Нанесены сур'ёзны матэрыяльны ўрон гаспадарчым аб'ектам рэгіёна.  У ААН перакананыя,   у сірыйскага канфлікту няма ваеннага  рашэння,  і заклікалі да захавання  міжнароднага гуманітарнага права.