90 % каталонцаў падтрымалі аддзяленне аўтаномнай вобласці ад Іспаніі

2 октября 2017

Такія канчатковыя вынікі рэферэндуму, які прайшоў напярэдадні. За незалежнасць прагаласавалі больш за два мільёны чалавек, супраць - каля 177-мі тысяч (гэта ўсяго 7 %). Лік пустых бюлетэняў склаў 2 %. Яшчэ каля 20-ці тысяч бюлетэняў прызнаныя несапраўднымі. У галасаванні прынялі ўдзел 43 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў Каталоніі. Адзначым, плебісцыт прайшоў на фоне адкрытага процідзеяння афіцыйнага Мадрыда. Іспанскія ўлады канфіскоўвалі выбарчыя урны, а людзей, якія сабраліся на вуліцах на акцыі пратэсту, паліцыя разганяла слёзатачывым газам і гумавымі кулямі. У выніку сутыкненняў з іспанскімі вартавымі парадку пацярпелі звыш тысячы чалавек.

Карлес Пучдэман, старшыня ўрада Каталоніі: "Прымяненне сілы, выкарыстанне дубінак і гумавых куль, напады на людзей, якія сабраліся на мірныя акцыі пратэсту, каб абараніць урны для галасавання, бюлетэні і выбарчыя ўчасткі - сёння гэтым усё сказана. Імідж іспанскага ўрада апошні час пагоршыўся, але сёння дзеянні паліцыі назаўжды зганьбілі Іспанію".

Адзначым, Мадрыд лічыць рэферэндум нелегітымным. У лічаныя хвіліны пасля галасавання перад іспанцамі выступіў прэм'ер-міністр краіны. Марыяна Рахой адзначыў, што супрацоўнікі праваахоўных органаў дзейнічалі ў рамках закона і абаранялі інтарэсы непадзельнай Іспаніі.

Марыяна Рахой, прэм'ер-міністр Іспаніі: "Рэферэндум, які паспрабаваў перакрэсліць нашу Канстытуцыю і даць незалежнасць частцы нашай краіны, не ўлічваючы меркавання ўсяго іспанскага народа, проста не адбыўся. Я гавару ад асобы ўрада Іспаніі, я яго кіраўнік і выканаў свой абавязак у адпаведнасці з узятымі на сябе абавязацельствамі. Мы з самага пачатку дзейнічалі ў рамках закона, і прадэманстравалі, што ў нашай дэмакратычнай дзяржавы ёсць рэсурсы, якія дазволяць нам абараніць сябе супраць такіх сур'ёзных удараў па нашай цэласнасці, якім быў гэты незаконны рэферэндум. Аднак я жадаю растлумачыць, што не збіраюся зачыняць ні адны дзверы. І гэтага ніколі не рабіў. Гэта не мой палітычны стыль. Я заўсёды прапаноўваў сумленны і шчыры дыялог, але заўсёды - у рамках закона і з прытрымліваннем прынцыпаў дэмакратыі".

Кіраўнік Каталоніі назваў вынікі плебісцыту ўражлівымі. Ён адзначыў, што каталонцы дамагліся свайго права на суверэнітэт. Чакаецца, што ў найбліжэйшыя некалькі дзён вынікі будуць перададзеныя ў парламент Каталоніі для прыняцця рашэння ў адпаведнасці з законам аб рэферэндуме. Акрамя таго, стала вядома, што 3 кастрычніка ў рэгіёне пройдзе маштабная нацыянальная ўсеагульная забастоўка.