Заўтра ў 17:45 тэлеканал "Беларусь 5" пачне прамую трансляцыю матча Францыя - Харватыя

14 июля 2018

Заўтра ў 17:45 тэлеканал "Беларусь 5" пачне прамую трансляцыю матча чатырохгоддзя Францыя - Харватыя. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна наведае Маскву, дзе на стадыёне "Лужнікі" будзе прысутнічаць на цырымоніі закрыцця і на фінальным паядынку чэмпіянату свету па футболе. Як расказала прэс-сакратар Кіраўніка беларускай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка, як і многія іншыя балельшчыкі, уважліва сачыў за падзеямі на мундыяле. Наталля Эйсмант таксама адзначыла, што Прэзідэнт у тым ліку высока ацаніў вынікі гульні гаспадароў турніру - расійскай зборнай, якая вельмі добра паказала сябе. Гэты мундыяль сапраўды стаў адкрыццём новых зорных каманд, адзначыла прэс-сакратар. Адказваючы на пытанне аб тым, за каманду якой краіны Аляксандр Лукашэнка будзе хварэць падчас фінальнага матча, Наталля Эйсмант падкрэсліла: перш за ўсё Прэзідэнт будзе хварэць за прыгожы і выніковы футбол.

У Маскве працуе наш карэспандэнт Павел Капуцкі. Ён вывучыў каціроўкі букмекераў і паспрабаваў зразумець, ці ёсць у балканскага характару шанцы супраць французскага класа.

Памяняў бы ўсе свае перамогі ў Лізе чэмпіёнаў на Кубак свету. Паўабаронца зборнай Харватыі Лука Модрыч разам з мадрыдскім "Рэалам" чатыры разы выйграваў галоўны еўракубак, але заўтрашні матч самы важны не толькі ў яго жыцці, але і ўсіх удзельнікаў фіналу, які пройдзе на арэне "Лужнікі".

Харваты і французы тут ужо гулялі. Каманду Дэшама ў канцоўцы групавога этапа асвісталі за бляклыя 0:0 з Даніяй (абедзве каманды нічыя задавальняла). "Палымяныя" ў паўфінале выбілі Англію - 2:1 - у дадатковы час.

Модрыч - "Рэал", Ракіціч - "Барселона", Манджукіч - "Ювентус". Харватыя - галоўная сенсацыя чэмпіянату, але склад у гэтай зборнай магутны. У плэй-оф у асноўны час яны не выйгралі ніводнага матча. Данію і Расію даціснулі па пенальці. На аднаўленне толькі тры дні. На трэніроўцы балканцы выглядаюць знясіленымі. Заўтра ўсё будзе інакш.

Французы, як і харваты, на гэтым турніры не прайгравалі. Букмекеры больш вераць у зборную - чэмпіёна 1998 года. Зараз там гуляюць фантастычны Грызман, 19-гадовы геній Мбапэ, а галоўнае - трэнер Дэшам падпарадкаваў амбіцыі зорак камандным інтарэсам. Атрымалася самая прагматычная дружына мундыялю.

У сераду гэты газон добра патапталі харваты і англічане. Больш чым дзве гадзіны гульнявога часу. Але ўжо зараз поле ў добрым стане. Прамая трансляцыя са стадыёна "Лужнікі" ў 18 гадзін на "Беларусь 5". Францыя ці Харватыя? Даведаемся зусім хутка.