Захад заклікае да байкоту Алімпіяды-2022

8 декабря 2021

У Пекіне рыхтуюцца да правядзення Алімпіяды будучага года і нават паказалі жыллё, якім забяспечаць спартсменаў. Тым часам калектыўны Захад актыўна рыхтуецца да байкоту гэтых спаборніцтваў. Злучаныя Штаты ўжо аб'явілі аб забароне сваім афіцыйным асобам наведваць Гульні. Прэтэнзіі да Кітая прад'яўляюцца з-за ваеннай актыўнасці ў дачыненні  да Тайваня, а таксама ў сувязі са становішчам уйгураў. Разам з тым Вашынгтон не забараняе сваім спартсменам удзел у Гульнях. Прыклад з амерыканцаў узялі аўстралійцы, тое ж збіраюцца зрабіць канадцы. У Еўрапарламенце напярэдадні з заклікам да татальнага байкоту Алімпійскіх гульняў выступіла намеснік старшыні гэтай структуры Нікола Беер. Зрэшты, гэта хутчэй сімвалічны акт - санкцыі такога роду не ў кампетэнцыі Еўрапейскага парламента. Аб мерах у адказ кітайскага боку на ўсе гэтыя эскапады пакуль не аб'яўлена, але Пекін абяцае, што яны будуць суразмернымі і эфектыўнымі.