Заключны дзень чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы: у скарбонку беларускай зборнай дадаліся серабро і бронза

13 апреля 2019

Заключны дзень чэмпіянату і зноў медалі! Сёння ў барацьбу за ўзнагароды чэмпіянату Еўропы ўступілі цяжкавагавікі. І адразу паспяхова!

Алімпійскі чэмпіён Пекіна Андрэй Арамнаў стаў сярэбраным прызёрам кантынентальнага турніру ў вагавой катэгорыі да 109 кілаграмаў. У першым практыкаванні - рыўку - паспяховымі аказаліся ўсе тры спробы ў выкананні беларуса, а лепшая з іх - на 190 кілаграмаў - прынесла Арамнаву малую бронзу. У практыкаванні штуршок штангі дзейснымі аказаліся дзве спробы. Трэцюю двое з трох суддзяў не залічылі. Аднак паднятых у суме кілаграмаў - 411 - хапіла для заваявання серабра чэмпіянату Еўропы.

Крыху раней за Арамнава на памост грузінскага кантынентальнага форуму ў вазе да 102 кілаграмаў выйшаў наш Вадзім Стральцоў. У суме дваябор'я беларускі штангіст падняў 376 кілаграмаў. Гэта бронзавы медаль турніру. Да таго ж на рахунку нашага спартсмена і малое серабро ў рыўку. Зараз у агульнакамандным заліку па суме дваябор'я беларусы з васьмю ўзнагародамі, у тым ліку трыма залатымі, займаюць першае месца.

У заключным відзе праграмы - спаборніцтвах сярод мужчын у вазе звыш 109 кілаграмаў - на памост выйдзе наш Эдуард Зязюлін.