Высокую ацэнку далі эксперты Міжнароднай федэрацыі біятлона лыжаролернай трасе ў Віцебскай вобласці

4 ноября 2014

У Гарадку ёсць удасканаленае пакрыццё, якое дазваляе трэніравацца круглы год. А асвятленне дае магчымасць праводзіць спаборніцтвы ў цёмны час сутак. Усе спускі і ўздымы - натуральнага паходжання, траса праходзіць паміж узгоркамі на беразе возера. Немалаважна і тое, што снег у гэтым паўночным рэгіёне Беларусі выпадае на два тыдні раней, чым у іншых абласцях, і ляжыць на два тыдні пазней.

Борут Нунар, рэйс-дырэктар Кубкаў свету IBU: Тым людзям, якія праектавалі, будавалі і давалі грошы на гэты комплекс, трэба сказаць вялікі дзякуй. Рэльеф трасы, прырода, як зроблена траса - усё выдатна, супер. Траса ёсць дзесяць працэнтаў ад праекта Кубка свету або Кубка IBU. Потым ёсць лагістыка, ёсць транспарт, ёсць пакоі. Я думаю, калі гэты праект будзе завершаны, ён будзе не горшы чым Раўбічы.

Наталля Гапон, дырэктар Дзяржаўнай спецыялізаванай навучальна-спартыўнай установы Віцебскі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту: Тут заўсёды праводзіліся спаборніцтвы па лыжным спорце - і рэспубліканскія, і абласныя. Траса лічыцца адной з самых складаных у рэспубліцы. Але гэта было толькі для лыжнікаў і толькі ў зімовы час. У дадзены час вы бачыце выдатную лыжаролерную трасу працягласцю 7,5 кіламетра. Зараз гэта ўжо і біятлонны комплекс, і стрэльбішча. Гэта будзе цэлы комплекс, які будзе называцца базай падрыхтоўкі нацыянальных і рэгіянальных каманд.

Паралельна з лыжаролернай трасай у Гарадку ідзе будаўніцтва і цэлага спартыўнага горада. Ужо працуе гасцініца і зала для гульнявых відаў спорту. У планах - басейн і лядовая пляцоўка. Магчымасцю трэніравацца і праводзіць тут зборы ўжо зацікавіліся біятланісты і лыжнікі з Расіі. Нягледзячы на тое, што афіцыйна траса яшчэ не пачала функцыянаваць, трэніровачны час на лета ўжо распісаны.