Другі дзень юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне ў Мінску

19 февраля 2015

Гэта падзея аб'яднала адразу некалькі краін адной спартыўнай цікавасцю і імкненнем да п'едэстала. Другі дзень юніёрскага чэмпіянату свету па біятлоне ў Мінску. І пакуль, на жаль, без медалёў для нашай краіны. Але наперадзе яшчэ мноства стартаў, гарачых балельшчыкаў і каментарыяў з месца падзей нашых карэспандэнтаў. Дарэчы, у выхадныя гледачоў чакаюць прамыя ўключэнні з цэнтра спартыўных баталій. І хто ведае, можа яны прынясуць добрыя навіны з лыжных трас і агнявых меж. Сённяшні дзень, так або інакш, увойдзе ў нашу гісторыю: Беларусь і Японія з гэтага часу будуць супрацоўнічаць у развіцці біятлона. Вынікі другога дня планетарнага форуму - у рэпартажы Станіслава Ліпскага.

Фурасава Акіра вось ужо 14 гадоў жыве ў Мінску, працуе перакладчыкам - каханне прымусіла яго пакінуць Японію.

Беларуска-японская сям'я ў хуткай будучыні можа з'явіцца і дзякуючы біятлону. Цяперашні чэмпіянат свету сярод юнакоў і юніёраў - больш чым проста турнір, спаборніцтва аб'ядноўвае нацыі. У сталіцы падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве федэрацый біятлона Беларусі і Японіі. З афіцыйным візітам Мінск наведаў Ібэ Хіраакі, прэзідэнт федэрацыі гэтага віду спорту Краіны ўзыходзячага сонца.

Сёння ў барацьбу за медалі ўступілі юніёры - прайшлі дзве індывідуальныя гонкі. Трое японскіх спартсменаў выступалі ў Раўбічах пакуль няўдала.

Вака Куда, біятланістка, Японія: "Сёння праваліла стральбу - трэба працаваць над дакладнасцю. Ваша краіна - прызнаны лідар у сусветным біятлоне. Упэўнена, супрацоўнічаючы з беларускімі спецыялістамі. прагрэс будзе. Тым больш у вас такая цудоўная база. Выдатна, што зараз мы разам".

Менавіта ў гэтым узросце - у юнацтве - фарміруюцца сувязі, якія будуць карыснымі ў будучыні, нават калі яны абмяжуюцца выключна сяброўствам.

Крысцін Сондэгін, біятланістка, Нарвегія: "На такіх турнірах мы становімся адзіным цэлым. Так, на трасе мы сапернікі, але як толькі гонка завяршаецца, мы сябры, мы падтрымліваем адно аднаго. Звярніце ўвагу, як мы віншуем пераможцаў пасля фінішу".

Амерыканцы Шон Доры і Джэймс Данкан біятлонам займаюцца 7 гадоў, у Беларусь прыехалі ўпершыню, ведаюць нашу краіну дзякуючы перамогам Дар'і Домрачавай. На экскурсіі часу няма - чэмпіянат свету толькі пачынаецца, аднак ужо сёння ім ёсць пра што распавесці ў ЗША.

Сабрына Хоўэл з Аўстраліі размаўляе выключна на англійскай, праўда, крыху разумее па-руску, адзін з трэнераў каманды з Зялёнага кантынента расіянін. У біятлоне вельмі шмат інтэрнацыянальных калектываў.

Дарэчы, пра нашых. Віктар Крыўко з двума недакладнымі выстраламі 6-ы - патэнцыял прагрэсіраваць ёсць: ад 3-га месца, на якім з 0 у графе промахаў нарвежац Вемун Гарыгард, беларус адстаў усяго на 58 секунд. Яшчэ адзін беларус - Максім Варабей - 8-ы. Шкада, няпоўныя трыбуны сталі відавочцамі такога выступлення. Аншлаг арганізатары чакаюць у выхадныя.

А дабрацца да сталіцы сусветных біятлонных баталій, дарэчы, гэты тытул Раўбічы будуць з гонарам насіць яшчэ як мінімум 5 дзён, вельмі проста: ад станцыі метро "Барысаўскі тракт" кожныя 20 хвілін з 8 раніцы курсіруе спецыяльны аўтобусны маршрут №449Б. Сеўшы ў яго, вы за 35 хвілін дабярэцеся да месца баталій. Хто ведае, можа ў ім або непасрэдна на стадыёне вы сустрэнеце сваю другую палавінку, і аб турніры будзеце ўспамінаць не проста як аб спаборніцтве, а аб чэмпіянаце, які аб'ядноўвае сэрцы.