У Заслаўі праходзіць чэмпіянат Беларусі па веславанні

1 июня 2019

ІІ Еўрапейскія гульні ўсё бліжэй. Трэнерскія штабы гэтымі днямі вызначаюцца з саставамі, а спартсмены імкнуцца паказваць свае лепшыя вынікі. Са зборнай нашай краіны па гэтым відзе спорту знаёміць не трэба . Весляры рэгулярна пацвярджаюць сваё майстэрства на міжнародных стартах. Сёння ў Заслаўі праходзіць чэмпіянат Беларусі. Па выніках заплываў будуць канчаткова сфарміраваныя экіпажы на Гульні.

Крысціна Камыш сочыць за турнірам. Пачаўся спаборніцкі сезон у весляроў на байдарках і каноэ яшчэ ў красавіку ў Брэсце Кубкам краіны. Затым наша каманда адправілася на міжнародны старт - этап Кубка свету ў польскую Познань. Там, дарэчы, было заваявана 5 узнагарод. І вось апошняя праверка сіл перад ІІ Еўрапейскімі гульнямі - чэмпіянат Беларусі. На водныя дарожкі ў Заслаўі выйшлі атлеты з усіх рэгіёнаў краіны.

Разам больш як 250 спартсменаў. Галоўная задача - паказаць свой максімум. Бо па выніках будуць сфарміраваныя экіпажы на спаборніцтвы напрыканцы чэрвеня. У першы спаборніцкі дзень ужо ўсё даказалі нашы лідары Вольга Худэнка, Марына Літвінчук, Арцём Козыр, Раман Петрушэнка, Віталь Бялько.

Правярае сваю гатоўнасць і сам спарткомплекс. Падчас турніру праходзіць тэсціраванне электроннай сістэмы фіксацыі вынікаў, праходзяць праверку службы бяспекі і аховы здароўя, пачаў сваю працу і прэс-цэнтр.

На ІІ Еўрапейскіх гульнях з 25 па 27 чэрвеня ў Заслаўі разгуляюць 16 камплектаў узнагарод - па 8 у мужчын і жанчын. У заяўках каманд чакаецца каля 350 спартсменаў. Чэмпіянат жа Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ працягнецца яшчэ і ў нядзелю.