У Рыа-дэ-Жанэйра завяршыліся 31 гадовыя Алімпійскія гульні

22 августа 2016

Факел на стадыёне "Маракана" згас, эстафету прыняў аргкамітэт Токіа-2020. Апошнім акордам стала маляўнічая цырымонія закрыцця і як частка яе - парад атлетаў. Аднак далёка не ўсе ахвотнікі змаглі ўбачыць маляўнічае шоу на свае вочы - на стадыёне было шмат пустых трыбун. І з гэтым звязаны, напэўна, апошні скандал Алімпіяды-2016 - на білетах спрабавалі нажыцца чыноўнікі МАК. У прыватнасці, член выканкама ірландзец Патрык Хікі (яго ўжо арыштавалі). У нумары Хікі знайшлі тысячы нерэалізаваных білетаў. Відавочна, што іх планавалі прадаваць утрая даражэй ужо на ўваходзе.

Расказвае Вольга Давідовіч.

Кароткая, але запамінальная. Такой атрымалася цырымонія закрыцця 31 Алімпійскіх гульняў у Бразіліі. Акрамя чаканага бразільскага карнавала і танцаў, у Рыа абяцалі сюрпрызы. І яны здарыліся. Сапсавалася надвор'е - ці то знервавалася, ці то расслабілася. Ураганныя парывы ветру сарвалі абшыўку з цэнтра водных відаў спорту і гандлёвага цэнтра на тэрыторыі алімпійскага парку. Давялося нават эвакуіраваць людзей. Зрэшты, для жыхароў Бразіліі і яе гасцей капрызы прыроды не перашкода.

А за хвіліну да пачатку шоу на стадыёне "Маракана" і ў навакольных раёнах пагасла святло. У Інтэрнэце жартавалі, што нібыта краіна такім чынам сэканоміла дзясятак тысяч долараў. Але святло далі, цырымонія пачалася своечасова.

Даволі бюджэтная - у 10 раз таннейшая, чым мінулая ў Лондане. Бразільцам давялосяь праявіць вынаходлівасць. Спартсмены выходзілі не камандамі, а ўперамешку, што, паводле задумкі арганізатараў, павінна сімвалізаваць аб'яднальную сілу спорту. Зараз, калі самі спаборніцтва ў мінулым, яны, нарэшце, змаглі дазволіць сабе хоць крыху расслабіцца і акунуцца ў атмасферу карнавала.

Дзяржаўны флаг Беларусі - у руках сярэбранага прызёра Гульняў Івана Ціхана.

У медальным заліку Беларусь з 9 узнагародамі на 40-м месцы. У нас 1 золата, 4 сярэбраныя і 4 бронзавыя ўзнагароды. Запаветнае золата - у батутыста Уладзіслава Ганчарова. Іван Ціхан узяў серабро ў кіданні молата. Тры медалі на рахунку барацьбітоў: серабро Марыі Мамашук і бронзавыя ўзнагароды Джавіда Гамзатава і Ібрагіма Саідава. Двойчы на другую прыступку п'едэстала пашаны паднімаліся цяжкаатлеты - Вадзім Стральцоў і Дар'я Навумава. Бронзавыя медалі на рахунку Аляксандры Герасімені і жаночай байдаркі-чацвёркі.

Пасля традыцыйнага ўзнагароджання пераможцаў марафону адзін з галоўных рытуалаў закрыцця - перадача алімпійскага флага гаспадарам наступных Гульняў. Гэтым разам яго прыняў губернатар Токіа. Пасля гэтага японцы паказалі сваю тэатралізаваную частку цырымоніі.

На экранах герой калісьці папулярнай гульні "Нінтэнда" - Супер Марыё. Праляцеўшы скрозь ядро зямлі, ён трапляе на стадыён і аказваецца зусім не пераапранутым аніматарам, а прэм'ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ.

Яркае шоу сарвала грандыёзныя апладысменты шматтысячнай "Мараканы". Такога шуму не было нават падчас дэманстрацыі роліка з лепшымі момантамі Алімпіяды.

А потым здарылася галоўнае: дождж - ужо сцэнічны - узяў і патушыў агонь Гульняў-2016. Ён сёлета на працягу ўсіх 16 дзён спаборніцтваў жыў зусім у невялікай чашы на фоне зіхатлівага металічнага сонца. Яно таксама пагасла.

Завяршыў Рыа сваю Алімпіяду маляўнічым феерверкам. Зрэшты, турысты і спартсмены яшчэ паспеюць зрабіць сэлфі на фоне кольцаў і алімпійскіх флагаў - уся сімволіка спецыяльна застанецца ў горадзе яшчэ на некалькі дзён.