У Наваполацку стартаваў чацвёрты этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона

26 января 2019

Свята спорту аб'яднала біятланістаў з усёй краіны, сваю падтрымку ўдзельнікам падарылі сотні балельшчыкаў. Праграма разлічаная на два дні. Яркія эмоцыі і вынікі спрынту - у Марыны Раманоўскай.

Завадная музыка, актыўныя балельшчыкі і вясёлыя вядучыя. Менавіта так цёпла і пазітыўна Наваполацк прымае прэстыжныя спаборніцтвы. Сёння спартсмены спаборнічаюць у спрынце. У праграме - 8 стартаў. У Наваполацк прыехалі больш як 150 спартсменаў.

Кубак Беларускай федэрацыі біятлона - гэта сапраўднае свята спорту і добрага настрою. Тут усё, як на самых прэстыжных стартах. Спаборніцтвы з нецярпеннем чакаюць не толькі спартсмены, але і балельшчыкі. На спартыўныя выхадныя сюды прыязджаюць з розных рэгіёнаў краіны.

Фотасесія, зносіны з журналістамі і гасцямі спартыўнага свята. Сысці незаўважанымі ў пераможцаў не атрымліваецца. Зрэшты, да публічнасці за час правядзення Кубка Беларускай федэрацыі біятлона спартсмены ўжо прывыклі. Гавораць, што сама атмасфера вялікага свята натхняе на перамогі.

Віншаванні падчас спаборніцтваў гучаць і на адрас дырэктара Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву Валерыя Гушчына. Нязменнаму кіраўніку - 65. У дзень юбілею - ганаровая грамата Віцебскага аблвыканкама і нагрудны знак Беларускай федэрацыі біятлона. Менавіта Валерый Гушчын 18 гадоў таму ініцыяваў стварэнне ў маладым Наваполацку спартыўнага вучылішча. Зараз яго выпускнікамі ганарыцца ўся краіна.

Новыя перспектывы ў развіцці біятлона ў Наваполацку адкрыліся дзякуючы ўзвядзенню сучаснай лыжаролернай трасы. Якаснае пакрыццё, пашыранае стрэльбішча, асвятленне. І для трэніровак, і для спаборніцтваў тут ёсць абсалютна ўсё.

Расслабляцца і спартсменам, і трэнерам, і балельшчыкам пакуль рана. Заўтра - другі дзень спаборніцтваў. Удзельнікі прабягуць змяшаныя эстафеты.