У Наваполацку сёння завяршыўся Кубак федэрацыі па біятлоне

29 декабря 2018

На працягу 2 дзён за перамогу змагаліся 160 наймацнейшых юных біятланістаў краіны. Хто стаў пераможцам, ведае наш карэспандэнт Ганна Эйсмант.

Толькі што адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў змяшанай эстафеты - самых юных удзельнікаў Кубка федэрацыі!

Ім толькі 11 гадоў, але падыход да гэтых юных спартсменаў тут самы сур'ёзны, ды і самі дзеці прыехалі ў Наваполацк не проста ўдзельнічаць, а перамагаць, што паспяхова і зрабілі.

Гэта і ёсць падрастаючае пакаленне беларускага біятлона, і да іх, да ўсіх без выключэння, вялікая ўвага. І менавіта для самых таленавітых, якія прайшлі жорсткі адбор на рэгіянальных спаборніцтвах, і арганізаваны Кубак федэрацыі.

Такі падыход арганізатараў ужо не сюрпрыз для юных спартсменаў - гэта ўжо другі Кубак федэрацыі, які праводзіцца па аналогіі з Кубкам свету з усімі спадарожнымі атрыбутамі дарослых спаборніцтваў: з трансляцыяй праз вялізны мультымедыйны экран на стадыёне, падтрымкай балельшчыкаў. Дзеці ўжо прывыклі да такога высокага ўзроўню.

Тут, у Наваполацку, яны прывыкаюць перамагаць у бескампраміснай барацьбе. І радасць ад заваявання вось гэтага прыгожага медаля ў форме сняжынкі такая сапраўдная і шчырая! Такая стараннасць, безумоўна, заахвочваецца федэрацыяй.

1-ы этап Кубка федэрацыі завершаны - лідзіруе пакуль Віцебская вобласць. У знак падзякі за дапамогу ў арганізацыі спаборніцтваў федэрацыя зрабіла падарунак і Наваполацкаму вучылішчу алімпійскага рэзерву.

Перамога на 1-м этапе Кубка федэрацыі - лепшы падарунак на Новы год для юных біятланістаў, але наперадзе яшчэ тры этапы - два ў студзені тут жа, у Наваполацку, фінальны пройдзе ў сакавіку ў Раўбічах.