У Маскве восьмы раз праходзіць музычны чэмпіянат свету па футболе - фестываль "Арт-футбол"

31 мая 2018

Беларусь - Расія 2:2. У Маскве восьмы раз праходзіць музычны чэмпіянат свету па футболе - фестываль "Арт-футбол". На полі не прафесійныя футбалісты, а артысты. Гэта музыканты, акцёры і тэлевядучыя з усяго свету. За выхад у паўфінал змагаліся і нашы калегі з Белтэлерадыёкампаніі.

Расказвае Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Мы прывыклі іх бачыць на экранах тэлевізараў, тэатральнай сцэне, у кіно. Але тут у іх адна роля і адзін запал - гульня ў футбол.

Фестываль "Арт-футбол" - гэта музычны чэмпіянат свету па футболе. Праходзіць ужо восьмы раз. На полі не прафесійныя спартсмены, а прафесійныя артысты. Упершыню за ўсю гісторыю мерапрыемства каманда Беларусі трапіла ў адну групу з камандай Расіі.

Матч вырашальны, каманда Беларусі змагаецца за выхад у фінал. Таму нашу зборную ўзмацніла жывая легенда айчыннага футбола, дзеючы гулец клуба БАТЭ Аляксандр Глеб. Выступаў за наймацнейшыя еўрапейскія клубы - нямецкі "Штутгард", англійскі "Арсенал", іспанскую "Барселону", але такую волю да перамогі бачыў не часта.

Сёлета дэвіз фестывалю "Арт-футбол" складаецца з трох простых, але вельмі важных слоў. "Мір. Сяброўства. Дабро". Гэта не выпадкова, бо ўсе артысты, якія ўдзельнічаюць у футбольных матчах, пасля гульні даюць дабрачынныя канцэрты. Усе сабраныя сродкі ідуць на дапамогу цяжка хворым дзецям.

Нягледзячы на жорсткую барацьбу, расіянам у канцы другога тайма ўдалося зраўнаваць лік. Беларусь - Расія 2:2. Перамагло сяброўства.