У Мінску ўрачыста стартаваў чэмпіянат свету па хакеі

10 мая 2014

Ужо адбыліся чатыры паядынкі. Чым запомніўся першы дзень, як згулялі беларусы і што балельшчыкаў чакае сёння?


Рэпартаж Паўла Капуцкага.


Першая шайба чэмпіянату закінутая ўжо на 13-й секундзе матча Расія - Швейцарыя. Сяргей Плотнікаў пачаў разгром каманды Шона Сімпсана. Вынік - 5:0. Гэта было на Мінск-Арэне. У Чыжоўцы французы сенсацыйна па булітах перайгралі канадцаў - 3:2.


За некалькі гадзін да галоўнага матча вечара Мінск-Арэна дыхала святам.


Прама перад матчам з амерыканцамі ў раздзявалку беларусаў заходзіць Прэзідэнт і жадае спартсменам поспеху. Праз некалькі хвілін пачынаецца цырымонія адкрыцця.


Пры падтрымцы родных балельшчыкаў беларусы актыўна пачалі. Закінуць не змаглі ў адрозненне ад амерыканцаў. Пасля першага перыяду саступаем, 0:1.


Напрыканцы другой траціны амерыканцаў прарвала. У вароты Мезіна ўляцелі яшчэ тры шайбы. Гол Сцяпанава за некалькі секунд да перапынку крыху падбадзёрыў публіку. Гэта наша першая шайба на нашым чэмпіянаце.


Біліся, але ў выніку прапусцілі яшчэ двойчы - 1:6. Так звычайна і бывае - першы блін камяком. Наступная гульня ў нядзелю супраць Казахстана.


Пітэр Лавіялет, галоўны трэнер зборнай ЗША па хакеі: Мы сапраўды згулялі выдатна. А зборная Беларусі будзе сур'ёзным сапернікам для ўсіх. Сёння выдатна гуляў наш варатар Цім Томас. Яго роля ў гэтай перамозе вельмі вялікая.


Другі авертайм чэмпіянату здарыўся ў матчы Славакія - Чэхія. У прынцыповым паядынку перамаглі чэхі, 3:2.


Сёння пройдуць адразу шэсць матчаў. Першыя два пачнуцца ў 12:45. На Чыжоўка-Арэне згуляюць Італія і Нарвегія. На Мінск-Арэне паядынак Казахстан - Германія.